Ці задавальняе беларускую ўладу Пуцін, як кіраўнік Расеі?



Уладзімір Пуцін не выключае, што можа прыняць удзел у прэзідэнцкіх выбарах-2018. Ці будуць задаволеныя беларускія ўлады, калі Пуцін чарговы раз стане расейскім прэзідэнтам? Пра гэта распавядае намеснік старшыні Руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч.

Юрась Губарэвіч: Пуцін не для таго ўмацоўваў сваю асабістую ўладу і правярнуў аферу з заменай Мядзведзева на пасадзе прэзідэнта, каб проста так выпусціць з рук уладу. Ён кантралюе сітуацыю ў Расеі і, калі будзе балатавацца ў прэзідэнты, мяркую, без цяжкасцей атрымае перамогу. А вось адносіны Пуціна і Лукашэнкі перадусім будуць залежыць ад эканамічнай і палітычнай кан’юктуры. Ці гатова Расея і надалей падтрымліваць эканамічную палітыку, якую праводзіць Беларусь? Наколькі яна захавае гэтую падтрымку ў рэгіёне? На гэты момант Пуцін, думаю, задавальняе беларускую ўладу, але што будзе далей… Тут нельга рабіць прагнозы.

РР: Эканамічны ланцуг узмацняе палітычную залежнасць ад Расеі?

Юрась Губарэвіч: Гэтая залежнасць досыць моцная, але б я не казаў пра нейкае ўзмацненне, бо Маскву і саму чакаюць досыць сурё’зныя выпрабаванні. Расея зараз у пэўнай ступені знаходзіцца ў міжнароднай ізаляцыі, могуць з’явіцца праблемы ў іх эканоміцы. І гэта, магчыма, паўплывае на тыя нездаровыя амбіцыі Масквы, якія праявіліся апошнім часам. Таму залежнасць афіцыйнага Менска ад Крамля ў такой сітуацыі наадварот можа нават паменшыцца.

РР: Ці з’яўляецца Пуцін пагрозай страты незалежнасці Беларуссю?

Юрась Губарэвіч: Скажам так: для Беларусі ёсць такая пагроза з боку Расеі. У нас нездаровая эканамічная сістэма, якая фактычна завязана на пастаянных датацыях з боку Масквы. І ў выпадку, калі ў Расеі адбудзецца істотны крызіс, гэта моцна ўдарыць і па Беларусі. Таму, натуральна, палітычныя амбіцыі ўсходняй суседкі – гэта пагроза пры пэўных умовах. Расейскае грамадства падсела на іголку імперыялізму, і яму будзе патрэбна ўсё новая доза. Таму не выключаю, што пасля Украіны наступны крок можа быць зроблены ў дачыненні і да Беларусі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота plus.google.com