Ці запрасілі Лукашэнку на саміт у Рыгу?
12 траўня пад Амбасадай Латвіі ў Варшаве адбыўся ўжо другі пратэст беларусаў, нязгодных з магчымым запрашэннем Аляксандра Лукашэнкі на саміт Усходняга Партнёрства ў Рызе.
Карэспандэнт Радыё Рацыя Адам Завальня пагутарыў з Амбасадарам Латвіі ў Польшчы Ілгварсам Клявам.
Радыё Рацыя: Спадар Амбасадар, сёлета Латвія з’яўляецца Старшынёй Еўрапейскага Звязу. 21-22 траўня адбудзецца саміт Усходняга Партнёрства ў Рызе. Ці магчыма, што Лукашэнка будзе на яго запрошаны?
Ілгварс Клява: Запрашэнні выдаюцца для краінаў, а не для асобаў. На саміце будзе прадстаўніцтва краіны. Тое, хто будзе прадстаўляць краіну на саміце, – гэта таксама прадмет дыскусіі. Мы не маем ніякай інфармацыі з указаннем таго, што спадар Лукашэнка наведае Саміт Усходняга Партнёрства ў Рызе.
РР: Яшчэ 2 месяцы таму беларусы Варшавы першы раз пратэставалі супраць магчымага запрашэння Аляксандра Лукашэнкі на саміт. Удзельнікі пікету перадалі петыцыю.
Ілгварс Клява: Вядома, мы даставілі петыцыю ў Рыгу, нашыя супрацоўнікі паразмаўлялі з пратэстоўцамі. Гэта агульнае рашэнне, форма запрашэння робіцца пасля прыняцця рашэння. Але, як я сказаў, у нас няма інфармацыі, ці асабіста прыедзе прэзідэнт на Саміт. Вядома, ёсць глыбокі інтарэс унутры Еўразвязу мець добрыя адносіны з Беларуссю. Я думаю, што гэта ўзаемны інтарэс, бо гэта магчымасць рухацца наперад, магчымасць мадэрнізаваць краіну, мадэрнізаваць эканоміку, магчымасць глядзець у будучыню.
РР: Беларусы ў Варшаве дагэтуль не атрымалі адказу з Рыгі на сваю петыцыю. Ці могуць яны разлічваць на афіцыйны адказ?
Ілгварс Клява: На жаль, я не быў падчас пікету беларусаў у Варшаве і не бачыў гэтага ліста, ім заняліся мае калегі. Я не ўпэўнены, што петыцыя была напісана ў форме, якая забавязвала б да адказу. Магчыма, гэта была проста форма супраціву і нязгоды з магчымым запрашэннем Лукашэнкі на Саміт Усходняга Партёрства ў Рызе, пра якое мы не маем ніякай інфармацыі. Як я ўжо сказаў, запрашэнні выдаюцца не для асобаў, а для краінаў.
РР: Пытанне палітычных зняволеных у Беларусі – ці дагэтуль гэта актуальнае пытанне для Еўропы?
Ілгварс Клява: Вядома, гэта адно з пытанняў. Гэта адно з патрабаванняў Еўразвязу – вызваліць палітычных зняволеных.
РР: Але, на жаль, мы назіраем, што еўрапейскія чыноўнікі наведваюць Менск, сустракаюцца з Лукашэнкам, і мы не чуем ніякіх словаў пра патрабаванне вызваліць палітвязняў. Прынамсі не чуваць пра гэта ў СМІ.
Ілгварс Клява: Я не ведаю гэтага, але думаю, што гэтыя пытанні ўздымаюцца падчас сустрэчаў. Пытанне палітычных зняволеных дагэтуль на павестцы дня.
Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя.
Гукавы фармат: