Ці заробіць Беларусь на расейскіх санкцыях супраць Турцыі?
Эканаміст Барыс Жаліба мяркуе, што ў беларускіх уладаў ёсць магчымасць папоўніць бюджэт за кошт санкцый, якія ўвяла Расея ў дачыненнях да Турцыі.
Нагадаем, што Расея ўвяла часовыя эканамічныя санкцыі супраць Турцыі пасля таго, як турэцкія ваенныя збілі расейскі самалёт СУ-24.
Акрамя таго, з 1 студзеня 2016 года расейскім працадаўцам забаронена прыцягваць на працу грамадзян Турцыі.
Барыс Жаліба: Пакуль што можна казаць толькі пра тэарэтычныя магчымасці зарабіць на санкцыях. Але яны ёсць. Напрыклад, улічваючы, што ў Расеі будуць зварочваць працу турэцкіх будаўнічых кампаній (а яны, па некаторых падліках, выконваюць работы не менш, чым на 10 мільярдаў даляраў), беларускаму боку можна гэтым скарыстацца і больш шырока адкрыць для туркаў браму ў Беларусь. Яны цудоўна паказалі сябе ў будаўніча-гатэльным бізнесе. Таксама трэба прадаставіць магчымасць туркам пераарыентаваць іх экспарт садавіны, гародніны і мяса, якія ішлі ў Расею. Акрамя таго, не трэба забывацца, што беларускія бізнесмены навучыліся так званаму “цэдлівакаваму бізнесу”. Калі раней забароненая ў Расеі прадукцыя Еўразвязу ішла, да прыкладу, з турэцкімі сертыфікатамі, то зараз прыйдзецца ізноў пераарыентоўвацца. Ва ўсялякім разе, некаторыя нашы прадстаўнікі бізнеса добра навучыліся гэта рабіць. А можна яшчэ праводзіць у Беларусі невялікую перапрацоўку таго ж турэцкага мяса і на законных падставах рээкспартаваць прадукцыю ў Расею. Так што Беларусь можа знайсці сваё месца ў беларуска-турэцкім канфлікце.
РР: Масква заявіла, што ўзмацніць кантроль на мяжы з Беларуссю…
Барыс Жаліба: Расея зараз абазлілася ледзь не на ўвесь свет, і Беларусі ў гэтым шэрагу таксама дастаецца за спробы зарабіць на расейскіх санкцыях. Я думаю, за гэтую справу (кантроль за прадукцыяй) яны возьмуцца яшчэ больш сур’ёзна. Хоць, паўтаруся, можна рабіць лёгкую беларускую апрацоўку санкцыйных тавараў і законна адпраўляць у суседнюю краіну. Але дзейнічаць трэба вельмі асцярожна, таму што Крэмль наэлектрызаваны, а Беларусь яшчэ разлічвае на крэдыт ад усходняга суседа. Можна зарабіць на малым, але згубіць большае. Тут патрэбна вельмі гнуткая палітыка папаўнення бюджэту за кошт санкцый, каб не перагнуць палку.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара