Ці збярэцца беларуская апазіцыя за круглым сталом?



15-га красавіка мае прайсці першае “спробнае” пасяджэнне круглага стала апазіцыі. Спачатку пра гэтую дату паведаміла агенцтва БелаПАН, пазней яе пацвердзіў нашаму радыё і старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

апазіцыя

Ілюстрацыйнае фота (Фота svaboda.org)

Ідэя правядзення пастаянна дзейнага круглага стала лідараў апазіцыйных палітычных партый і грамадска-палітычных арганізацый была агучана ў час прэс-канферэнцыі прадстаўнікоў правацэнтрысцкай кааліцыі 6 красавіка. У склад кааліцыі ўваходзяць Рух “За Свабоду”, Аб’яднаная грамадзянская партыя і аргкамітэт па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”.

Мікалай Статкевіч

Мікалай Статкевіч

Пазней ідэю падтрымалі і прастаўнікі аргкамітэту па правядзенні Кангрэса дэмакратычных сілаў. Пра гэта са спасылкай на словы Мікалая Статкевіча паведаміла агенцтва БелаПАН.

«Мы лічым гэту ініцыятыву недастатковай для аб’яднання. Што такое круглы стол, калі трэба мець адзіны спіс на выбарах і агульнае аб’яднанне? Але тым не менш мы лічым гэта крокам у правільным кірунку калегаў, якія яшчэ некалькі тыдняў таму катэгарычна адмаўляліся ад хоць нейкай формы аб’яднання„, — адзначыў Статкевіч.

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька ў размове з нашым радыё сказаў пра “асцярожны аптымізм” у пытанні правядзення круглага стала:

Сапраўды, у пятніцу мы, спадзяюся, правядзем кансультацыі на прадмет стварэння пастаянна дзейнага круглага стала лідараў або прадстаўнікоў апазіцыйных палітычных партый і рухаў. Гэтую ідэю падтрымалі ўсе, да каго мы звярнуліся. Праўда, у мяне пакуль асцярожны аптымізм. Заўтра будзе, добра, калі мы скажам “так”, нам гэта падабаецца як ідэя, мы вызначым рэгламент і некалькі пунктаў, па якіх пачнем працу. І ў залежнасці ад таго, якім будзе поспех, стане зразумелым, наколькі гэты праект доўгатэрміновы і наколькі ён эфектыўны.

Калі ўжо круглы стол запрацуе, то на думку Анатоля Лябедзькі, першае пытанне, на якім трэба сканцэнтравацца – гэта парламенцкая выбарчая кампанія, супрацоўніцтва і каардынацыя дзеянняў у яе межах.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя.