Ці зменіць Беларусь выбарчае заканадаўства?



Да парламенцкіх выбараў у Беларусі ёсць магчымасць змяніць выбарчае заканадаўства. Такое меркаванне выказаў намеснік старшыні Парламенцкай асамблеі АБСЕ, кіраўнік місіі кароткатэрміновых назіральнікаў АБСЕ Кент Харстэд у інтэрв’ю БелаПАН у Менску.

АБСЕ

Харстэд і дырэктар Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ Міхаэль Георг Лінк прыбылі ў Беларусь з двухдзённым візітам 28 студзеня.

„Гэта пэўнае „акно” магчымасцяў паміж прэзідэнцкімі і парламенцкімі выбарамі для Беларусі, каб зрабіць сур’ёзны крок наперад. Гэта выдатная магчымасць для краіны”, — падкрэсліў ён.

На заўвагу, што Венецыянская камісія не рэкамендуе ўносіць змены ў заканадаўства менш чым за год да выбараў, Харстэд адказаў: „Мне здаецца, тут трэба ўлічваць сутнасць зменаў, якія ўносяцца. Калі гэтыя змены прынясуць паляпшэнне сітуацыі для выбаршчыкаў, кандыдатаў, для духу дэмакратыі… Не думаю, што гэтая рэкамендацыя перашкодзіць такім зменам”.

У сваю чаргу Міхаэль Георг Лінк назваў гэта „пытаннем прыярытэтаў”. „Венецыянская камісія рэкамендуе не змяняць фундаментальна выбарчае заканадаўства незадоўга да выбараў. І БДІПЧ таксама гэтага не рэкамендуе”, — адзначыў ён.

„Але калі ў заканадаўстве ёсць неадпаведнасці міжнародным стандартам, тады яны павінны выпраўляцца, нават калі гэтыя змены будуць праводзіцца і незадоўга да выбараў. Гэтая норма заклікае не мяняць нешта глабальна перад выбарамі, але калі ёсць недахопы, то не варта ёй прыкрывацца для таго, каб нічога не рабіць”, — дадаў Лінк.

На пытанне, ці можна казаць, што прадстаўнікі АБСЕ расчараваныя тым, як прайшлі прэзідэнцкія выбары ў Беларусі, Кент Харстэд адказаў: „Мы не прыязджаем у краіну з нейкімі чаканнямі і ўстаноўкамі аб тым, што выбары павінны прайсці добра ці дрэнна, — назіральнікі нейтральныя . Што б ні здаралася раней, любыя выбары — гэта новая магчымасць прадэманстраваць іншы вынік у тым, што тычыцца працэдур. Але калі вы мелі на ўвазе, ці быў я расчараваны пасля выбараў, то я быў, напрыклад, расчараваны немагчымасцю для назіральнікаў у некаторых выпадках сачыць за падлікам галасоў”.

Каментуючы выказванні еўрапейскіх чыноўнікаў аб тым, што Еўрасаюз пры прыняцці рашэння аб далейшым лёсе санкцый у дачыненні да Беларусі будзе ўлічваць, у тым ліку, справаздачу БДІПЧ АБСЕ, Харстэд адзначыў: „Перш за ўсё, БДІПЧ АБСЕ не залучаны ў працэс прыняцця рашэння адносна санкцыяў. Вядома, мы разумеем, што ЕС адсочвае нашы публікацыі вельмі ўважліва. Але мы павінны працаваць, не аглядаючыся на кагосьці”.

Ён падкрэсліў, што АБСЕ спрабуе развіваць дыялог з беларускімі ўладамі, каб „дамагчыся як мага большага прагрэсу”. „І калі гэта прынясе нешта яшчэ на карысць Беларусі, хай так і будзе. Але мы сфакусаваныя на нашай працы, і я думаю, што яна з палітычнага пункту гледжання больш важная, бо гаворка ідзе не толькі пра выбары ці санкцыі, але ў цэлым пра імідж Беларусі”, — падкрэсліў Кент Харстэд.