Ці зменіць вызваленне Статкевіча палітычны ландшафт Беларусі?
І беларускае грамадства, і дыяспара працягваюць каментаваць вызваленне Мікалая Статкевіча і яшчэ 5 беларускіх палітзняволеных. У чым прычына такога раптоўнага вызвалення? Ці зменіць вызваленне Мікалая Статкевіча палітычны ландшафт Беларусі?
Як на яго фоне будуць выглядаць іншыя беларускія палітыкі? На пытанні нашага ўкраінскага карэспандэнта
Марціна Войны адказвае старшыня Руху Салідарнасці “Разам” Вячаслаў Сіўчык, беларускі палітэмігрант, які жыве ў Кіеве.
РР: Чаму, на вашую думку, Лукашэнка вызваліў палітзняволеных?
Вячаслаў Сіўчык: Вызваліў ён таму, што справы ў яго цяпер вельмі кепскія. Яму патрэбны грошы, яму патрэбна падтрымка выбарчага фарсу, бо ў свеце няма ніякіх ілюзій наконт таго, што адбываецца ў Беларусі. Менавіта таму Лукашэнка і вымушаны быў вызваліць і лідара апазіцыі Мікалая Статкевіча, і іншых палітвязняў.
РР: Але з-за эйфарыі мы неяк пазабыліся пра “справу графітыстаў”, якія цяпер пад следствам…
Вячаслаў Сіўчык: Мы не забыліся. Больш за тое: у бліжэйшыя выходныя ў Кіеве мае адбыцца акцыя ў падтрымку гэтых маладых патрыётаў. Ёсць яшчэ справы Андрэя Бандарэнкі і Міхаіла Жамчужнага. На наш погляд, іх справы былі сфабрыкаваныя лукашэнкаўскімі спецслужбамі. Бо толькі Андрэй Бандарэнка і ягоныя паплечнікі вельмі сур’ёзна працавалі ў вельмі важным кірунку. Мы вельмі мала ведаем, што насамрэч адбываецца ў беларускіх турмах… Але быў спіс міжнародных праваабарончых арганізацый, і ў гэтым спісе фігуравалі толькі гэтыя шэсць прозвішчаў.
РР: Статкевіч не можа браць удзел у выбарах. Але яго вызваленне неяк зменіць палітычны ландшафт Беларусі?
Вячаслаў Сіўчык: Вызваленне Мікалая Статкевіча цалкам перакрэслівае тое, што казалі пра яго чыноўнікі з ЦВК, калі яны не зарэгістравалі ініцыятыўную групу Статкевіча. Я вельмі спадзяюся, што беларускае грамадства ацэніць усё тое, што Мікалай Статкевіч зрабіў для Беларусі. У Беларусі вымагаюць персаніфікаванай альтэрнатывы Аляксандру Лукашэнку, і Статкевіч, на мой погляд, і ёсць такой альтэрнатывай.
РР: А ці магчымая нейкая лібералізацыя палітычнага і грамадскага жыцця Беларусі?
Вячаслаў Сіўчык: Ніякай лібералізацыі няма. Яшчэ раз падкрэсліваю: гэта быў вымушаны крок. Ніякіх свабодаў і правоў мы не маем. Гэта яшчэ трэба дасягнуць. Таму ўсё яшчэ наперадзе.
Тым часам Юрый Рубцоў, адзін з нядаўніх палітвязняў, так пракаментаваў сваё вызваленне: “Лукашэнка зрабіў чарговы фінт, вызваліў людзей, якіх узяў у закладнікі”.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя
Фота sputnik.by