Ці зменіцца нешта ў беларуска-літоўскіх стасунках?



Палітолаг Андрэй Фёдараў ацаніў перспектывы развіцця беларуска-літоўскіх стасункаў пасля таго, як у Літве абраны новы прэзідэнт.

Нагадаем, што новым прэзідэнтам Літвы абраны эканаміст Гітанас Науседа.

Андрэй Фёдараў: Нічога новага ў стасунках не будзе, таму што ў літоўскай палітычнай эліты ўжо фактычна ўсталяваліся кансенсус і стаўленнне да будаўніцтва Беларускай АЭС на мяжы з Літвой. Гэтая атамная станцыя – галоўная праблема ў адносінах паміж краінамі.

Нягледзячы на тое, што наваабараны прэзідэнт Літвы сказаў пра тое, што неабходна зрабіць стасункі з Беларуссю яшчэ лепшымі, малаверагодна, што ён нават пры вялікім жаданні можа нешта зрабіць у гэтым кірунку.

РР: Дыялог на гэтую тэму немагчымы?

Андрэй Фёдараў: Беларускі бок, напэўна, будзе прадпрымаць пэўныя крокі ў гэтым кірунку, але Літва заняла вельмі жорсткую пазіцыю ў дачыненні да таго, што краіна-суседка вырашыла пабудавать атамную электрастанцыю. Вялікія сумненні, што ў такой сітуацыі магчымы нейкія кампрамісы. Літва ўжо заявіла, што не будзе купляць беларускую электраэнергію.

РР: Ці прынцыповым пытаннем было для афіцыйнага Менска, хто стане прэзідэнтам Літвы?

Андрэй Фёдараў: Пэўны інтарэс, безумоўна, быў, але ў той жа час афіцыйны Менск добра разумее, што з-за канфлікта па атамнай станцыі радыкальных зменаў і вялікага прарыву ў стасунках не адбудзецца пры любым прэзідэнце.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота svaboda.org