Ці зменіцца ў Беларусі сітуацыя з правамі чалавека?



Экс-старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч распавядае, чаму сёння ў Еўропа не разумеюць усіх праблем Беларусі.

Станіслаў Шушкевіч

 

Кіраўнік прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі Майра Мора паведаміла „Радыё Свабода”, што Менск і Брусель могуць у гэтым годзе аднавіць перамовы аб захаванні правоў чалавека.

«Беларусь дала згоду аднавіць дыялог па правах чалавека, які першы раз прайшоў вясной 2009 года, пасля чаго сумесных сустрэч не было, – сказала Мора. – Зараз ідуць перамовы аб тым, калі гэта можа адбыцца. Відаць, што гэта будзе ў гэтым годзе, больш падрабязна я сказаць не магу”.

Па словах Моры, гэта частка так званай Дарожнай мапы – спіса мерапрыемстваў, у межах якіх ЕЗ гатовы супрацоўнічаць з Беларуссю.

Станіслаў Шушкевіч: Я, шчыра кажучы, часам наогул не разумею Майру Мору. А яна, як мне здаецца, да гэтага часу не разумее, што адбываецца ў Беларусі. Таму даўно не звяртаю ўвагу на яе заявы і цешуся тым, што ў Еўропе да яе слоў ставяцца гэдак жа. Нядаўна я меў шчасце пабываць у Стасбургу, сустрэцца з кіраўніцтвам Еўрапарламента. Там людзі цудоўна разумеюць, што чакаць Еўропе ад беларускіх уладаў нейкага ўзгаднення пытанняў па правах чалавека проста немагчыма. Таму няхай Майра Мора спадзяецца і верыць.

РР: Але ж фармальна працэс перамоваў на гэтую тэматыку і насамрэч запушчаны…

Станіслаў Шушкевіч: Фармальна ўсё што заўгодна можна намаляваць. Хто з беларускага боку будзе на гэтых перамовах? Няма той асобы, якая б магла забяспечыць пэўныя зрухі. Усё – пустыя размовы, таму што аўтарытарны рэжым не можа існаваць у дзяржаве, калі ёсць нейкія парасткі дэмакратыі.

РР: Ці не загулялася Еўропа з беларускай уладай?

Станіслаў Шушкевіч: На вялікі жаль, паслядоўнасці ў дзеяннях Еўропы няма. Напрыклад, пэўныя дэпутаты ў Еўрапарламенце абсалютна не ўяўляюць, што робіцца ў Беларусі. Яны сапраўды думаюць, што могуць змяніць дзеянні рэжыму. Пара Еўропе даўно зразумець, што з гэтай уладай ніякіх зрухаў у лепшы бок з сітуацыяй па правах чалавека не будзе. Еўрачыноўнікі сёння – як быццам у ружовых акулярах. На іх нават крыўдзіцца не варта – яны ахвяры свайго неразумення.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыя Рацыя