Ці зменяць беларускую Канстытуцыю па расейскім сцэнары?



Адзін з кіраўнікоў кампаніі “Гавары праўду” Андрэй Дзмітрыеў прагназуе, якія змены могуць адбыцца ў Канстытуцыі Беларусі.

Як вядома, прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін не толькі тэрмінова змяніў урад, але і па паскораным сцэнары змяняе Канстытуцыю, абноўлены варынт якой павінен з’явіцца ўжо ў траўні.

Такім чынам, у Расеі пачаўся транзіт улады. Сутнасць заключаецца ў тым, каб Пуцін і пасля 2024 года працягваў кіраваць краінай, але на іншай пасадзе.

У Беларусі таксама кажуць пра змены ў Асноўным законе. Ці магчымы расейскі варыянт развіцця падзей?

Андрэй Дзмітрыеў: Мне здаецца, што беларуская палітычная сістэмы куды прасцейшая, і беларускі кіраўнік не пойдзе такімі складанымі шляхамі, а таму ён да апошняга будзе захоўваць тое становішча рэчаў ва ўладзе, што ёсць. У Беларусі ў адрозненні ад Расеі даўно ўжо адмянілі абмежаванні па тэрмінах знаходжання на прэзідэнцкай пасадзе.

Пакуль сённяшняя сістэма гарантуе бясконцасць пераабрання Лукашэнкі, думаю, ніхто не будзе гуляць з нейкімі сур’ёзнымі зменамі ў Канстытуцыі і пераразмеркаваннем улады. У Беларусі ўжо больш за дзесяць гадоў кажуць пра пашырэнне паўнамоцтваў парламента, але воз стаіць на месцы.

Улада не гатова нават на нязначныя крокі – не прапускаюць у мясцовыя саветы людзей, якія прадстаўляюць альтэрнатыву. Я ўжо не кажу пра перадачу прэзідэнтам сваіх паўнамоцтваў таму ж ураду альбо іншай структуры. Беларускі кіраўнік і так пачувае сябе добра. Ён не той чалавек, які гатовы падзяліцца ўладай.

РР: Якія ў такім выпадку могуць быць змены ў беларускай Канстытуцыі?

Андрэй Дзмітрыеў: Магчыма, дадуць больш паўнамоцтваў ураду, каб больш адказнасці перакласці на яго, а не на прэзідэнта. Па-другое, могуць фармальна пашырыць паўнамоцтвы і Савета Бяспекі.

Але ўпэўнены: якія б змены не прапанавалі, гэта не будуць змены, накіраваныя на тое, каб грамадзяне Беларусі атрымалі больш магчымасцей уплываць на прыняцце рашэнняў і ўдзел у кіраванні краінай. Хутчэй за ўсё, яшчэ больш абмяжуюць магчымасць, каб грамадства ўдзельнічала ў прыняцці дзяржаўных рашэнняў.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя