Ці зменяць выбарчае заканадаўства да 2020 года?



Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні грамадскай арганізацыі „За справядлівыя выбары” Віктар Карняенка распавёў, чаму не варта чакаць зменаў у Выбарчым законе да прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.

Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына распавяла, што пакуль ніякай працы па змене выбарчага заканадаўства не вядзецца. Маўляў, папраўкі вымагаюць зменаў у Канстытуцыі, а для гэтага патрэбен рэферэндум, які не рыхтуецца

Віктар Карняенка: Па ініцыятыве дэмакратычных сілаў, якія аб’яднаны па пытанні зменаў у Выбарчым законе, была праведзена пэўная праца ў гэтым кірунку пасля выбараў у Палату прадстаўнікоў. Былі распрацаваны прапановы, з якіх і трэба пачынаць змены ў выбарчым заканадаўстве. Яны не вырашаць усе праблемы, але гэта былі б крокі ў правільным кірунку. А тое, што раней рабіла падчас выбараў улада, было бутафорыяй і пылам у вочы.

РР: Якія вашы асноўныя прапановы?

Віктар Карняенка: Першае – гарантаваць удзел апазіцыйных партый у выбарчых камісіях. Другое – навесці парадак з датэрміновым галасаваннем, якое ў нас апошнім часам прымае вар’яцкія формы. І трэцяе – арганізаваць падлік галасоў, як для назіральнікаў, так і для шэраговых сябраў участковых камісій. Калі гэтыя тры пункты будуць замацаваны заканадаўча, тады можна сказаць, што ўлада нешта збіраецца змяняць. А ў нас ужо сем разоў уносілі змены ў выбарчае заканадаўства, і ўвесь час сітуацыя толькі пагаршалася.

Дарэчы, прапанавалася ўнесці гэты законапраект у выглядзе заканадаўчай ініцыятывы дэпутата Ганны Канапацкай. Але тая спачатку з намі супрацоўнічала, але затым сказала, што, маўляў, Цэнтру заканадаўчых ініцыятыў не спадабаліся гэтыя прапановы. Як быццам яна для нас гэтым адкрыла Амерыку.

РР: Адным словам, зменаў не будзе?

Віктар Карняенка: Улада, хутчэй за ўсё, не пойдзе на тое, каб прыняць нашы прапановы. Хаця ў рэгіёнах актывісты патрабуюць ад сваіх дэпутатаў унесці прапановы ў законапраект. Але вялікі сумнеў, што дачакаемся рэальных зменаў.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя