Ці зменяцца беларуска-расейскія дачыненні?
Як сёння складваюцца беларуска-расейскія дачыненні і што будзе далей? Пра гэта распавядае палітолаг Валер Карбалевіч.
21 снежня Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін сустрэнуцца ў чарговы раз – падчас сесіі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ і пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета.
Валер Карбалевіч: У апошнія гады беларуска-расейскія дачыненні практычна не змяняюцца, яны знаходзяцца недзе на адным узроўні. Фармальна іх можна назваць саюзніцкімі, але ў той жа час – перманентна-канфліктнымі. І канфлікты закладзены ў самой прыродзе дачыненняў, якія базуюцца не на нейкіх асновах у эканоміцы ці прававых момантах у палітыцы, а, часцей за ўсё, на вусных дамоўленасцях паміж кіраўнікамі краін. У такіх умовах суіснаванне перашапачаткова запраграмавана на канфлікты, якія час ад часу і здараюцца. Хоць Беларусь і юрыдычна, і фармальна з’яўляецца саюзнікам Расеі. Беларусь уваходзіць у АДКБ, ёсць сумесная групоўка войскаў і СПА. Але ў любым выпадку кожны бок пераследуе свае інтарэсы.
РР: Расея хоча мець на тэрыторыі суседняй краіны авіяцыйную базу, а Беларусь расейскія грошы?
— Для афіцыйнага Менска Расея – спосаб выжывання беларускай сацыяльнай мадэлі. Гэта крыніца эканамічнай падтрымкі. Беларусь купляе ў Расеі танныя энергарэсурсы, існуе ільготны рэжым для беларускай прадукцыі на расейскім рынку. Што датычыцца палітычных чыннікаў, то Беларусь імкнецца да таго, каб Расея выступала ў пэўнай ступені абаронцам ад ціску з Захаду. Так доўгі час і адбывалася, пакуль беларускія ўлады знаходзіліся ў стадыі супрацьстаяння з Еўропай. У той жа час Менск, не адмаўляючыся ад фінансавай падтрымкі з боку усходняга суседа, не жадае, каб Масква моцна ўмешвалася ва ўнутраную і знешнюю палітыку. Адным словам, кіраўніцтва Беларусі хоча заставацца незалежным і пры гэтым атрымліваць расейскую дапамогу.
Расея ў сваю чаргу імкнецца да таго, каб захаваць Беларусь у якасці саюзніка, і каб апошняя не знікла з геапалітычнага поля.
РР: Як, на ваш погляд, далей будуць развівацца адносіны?
— Думаю, у бліжэйшы час яны асабліва не зменяцца. Беларусь вельмі моцна залежыць ад Расеі і нават пры вялікім жаданні не зможа моцна дыстанцыянавацца ад яе. Трэнд, які ўзяла беларуская знешняя палітыка, захаваецца. Беларусь будзе супрацьстаяць размяшчэнню авіябазы, але пры гэтым паспрабуе “выбіць” грошы.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя