Ці зменяцца беларуска-расейскія стасункі?
Палітык Анатоль Лябедзька лічыць, што Крэмль зараз будзе “банкрутаваць беларускую эканоміку”.
Анатоль Лябедзька: Пуцін перавёў свае стасункі з беларускім кіраўніком на ровень бухгалтэрыі, дзе, умоўна кажучы, усё вырашаюць бухгалтары, якія сядзяць за кампутарам і падлічваюць сумы.
Беларуска-расейскія стасункі Пуцін вывеў з публічнай прасторы і зараз кажа: “Калі ў вас ёсць праблемы, то ідзіце ў бухгалтэрыю, і з імі ўсё вырашайце. Вам дадуць лічбы для разліку”. Адным словам, засталася чыстая арыфметыка, без аніякіх абдымкаў і пацалункаў. Зараз задача Крамля – зрабіць з Беларусі эканамічнага банкрута.
РР: Сітуацыя, калі ў свеце аб’яўлена пандэмія, гэтаму спрыяе?
Анатоль Лябедзька: У пэўным сэнсе так, бо зараз многія рэчы, якія робіць Масква, выглядаюць, як клопат пра бяспеку сваіх грамадзянаў, а не вайна з беларускімі ўладамі. Гэта і закрыццё межаў, і абмежаванне рынкаў. Гэта вельмі балюча для Лукашэнкі, але не для Расеі.
Адным словам, пагроза паглынання Беларусі Расеяй застаецца, але зараз гэта пераведзена ў фармат доўгатэрміновага праекта, а не праекта сёняшняга дня.
І, натуральна, Пуцін пакрыўджаны, што яму не ўдалося элегантна працягнуць свае прэзідэнцкія паўнамоцтвы праз “паглыбленую інтэграцыю” з Беларуссю. Таму, паўтаруся, Крэмль будзе банкрутаваць беларускую эканоміку, і каронавірус у гэтай сітуацыі больш дапамагае Маскве.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя