Ці зменяцца стасункі паміж Менскам і Масквой?



Палітык Віталь Рымашэўскі прагназуе, якім чынам будуць складвацца ў бліжэйшыя час беларуска-расейскія стасункі.

Віталь Рымашэўскі: Мне падаецца, што зараз Крэмль не будзе ставіць на дзеючага беларускага кіраўніка. Ён будзе дзейнічаць іншымі сродкамі – спрабаваць аказваць на яго ціск.

Таму, думаю, зараз для беларускіх уладаў Масква – гэта не той варыянт, каб бегчы туды і стаяць там на каленях, выпрошваючы грошы і падтрымку. Расейскія ўлады адназначна заявілі, што ім патрэбна ўзамен – здача незалежнасці краіны.

А тое, што Лукашэнка пабяжыць зараз у Маскву – гэта больш страшылка для Захаду, каб атрымаць грошы як быццам на падтрымку беларускай незалежнасці.

РР: Адным словам, афіцыйны Менск па-ранейшаму застаецца паміж двух агнёў?

Віталь Рымашэўскі: Афіцыйны Менск найперш думае пра тое, як захаваць сваю ўладу, а дэмакратычным сілам трэба думаць пра справядлівыя і сумленныя выбары, пра абарону палітвязняў, якім з’яўляецца Сяргей Ціханоўскі, пра тое, каб не было масавых рэпрэсій.

РР: Расея больш не будзе фінансаваць беларускі рэжым?

Віталь Рымашэўскі: У Крамля свае вялікія палітычныя інтарэсы ў Беларусі, таму Пуцін будзе дзейнічаць у нашай краіне рознымі шляхамі – дзесьці дапамагаць фінансава, праз спецслужбы і нават праз магчымых незалежных кандыдатаў на гэтых прэзідэнцкіх выбарах.

Упэўнены, што ў Масквы некалькі варыянтаў, як уплываць на Беларусь, імперскія планы нікуды не зніклі. Мэта Расея – пазбавіць Беларусь незалежнасці альбо зрабіць яшчэ больш залежнай ад Крамля. Для Лукашэнкі такі варыянт – палітычная гібель.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя