Ціханоўскай сарвалі мітынг у Салігорску
Кандыдат на пасаду прэзідэнта Святлана Ціханоўская разам з сябрамі свайго штаба працягвае турнэ па гарадах краіны. Сёння ў раскладзе каманды было 2 гарады: Слуцк і Салігорск. Аднак мясцовыя ўлады спачатку сарвалі мітынг у Слуцку, а потым і ў Салігорску.
У Салігорску мерапрыемства павінна было пачацца ў 19:30 (стадыён «Будаўнік», вул. Ленінскага камсамола, 51).
Аднак яно, як і ў Слуцку, не адбудзецца. Пра гэта паведаміла прадстаўніца штаба Вольга Кавалькова. Зноў правядзенню мерапрыемства перашкодзілі камунальныя працы.
Нягледзячы на гэта, каля 400 чалавек сабраліся каля стадыёна. Прайшлі затрыманні.
