Ціханоўскаму выстаўленае новае абвінавачанне



Папулярнаму відэаблогеру Сяргею Ціханоўскаму, мужу экс-кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай, выстаўленае абвінавачанне ў распальванні варожасці (ч. 3 арт. 130 КК), паведаміла БелаПАН яго адвакат Наталля Мацкевіч.

Абаронца нагадала, што крымінальная справа на падставе гэтага артыкула ў дачыненні да Ціханоўскага была распачатая яшчэ 30 ліпеня, да гэтага часу ён знаходзіўся ў статусе падазраванага. У той дзень прэс-служба СК паведаміла, што ў дачыненні да блогера адкрытая справа „па фактах здзяйснення наўмысных дзеянняў, скіраваных на ўзбуджэнне іншай сацыяльнай варожасці, заклікаў да здзяйснення гвалтоўна-агрэсіўных дзеянняў у адносінах да супрацоўнікаў праваахоўных органаў”.

Частка 3 артыкула 130 КК прадугледжвае згаданыя дзеянні, учыненыя групай асоб або якія пацягнулі па неасцярожнасці смерць чалавека альбо іншыя цяжкія наступствы. Пакаранне — пазбаўленне волі ад 5 да 12 гадоў.

„На гэты момант тэрмін утрымання пад вартай працягнуты да дзевяці месяцаў, гэта значыць яшчэ плюс тры месяцы”, — паведаміла Мацкевіч.

Сяргей Ціханоўскі быў затрыманы 29 мая ў Гародні на пікеце па зборы подпісаў за вылучэнне жонкі кандыдатам у прэзідэнты. Гэта адбылося пасля інцыдэнту з удзелам міліцыянераў, адзін з якіх упаў. Інцыдэнт быў зняты на відэа, і з гэтага роліка відавочна, што здарэнне справакавала невядомая жанчына.

8 чэрвеня Ціханоўскаму і яшчэ сямі грамадзянам было выстаўленае абвінавачанне на падставе ч. 1 арт. 342 КК (падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак), пра што на наступны дзень паведаміла прэс-служба СК.

Пасля ў дачыненні да відэаблогера таксама распачалі справу паводле арт. 191 КК (перашкода <…> працы Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў) на падставе заявы старшыні Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай. Яна ж была прызнаная пацярпелай па гэтай справе.

belapan.by