Ціханоўская абмеркавала з кіраўніком МЗС Іспаніі сітуацыю ў Беларусі



Сітуацыю ў Беларусі абмеркавалі Святлана Ціханоўская і міністр замежных спраў Іспаніі Аранча Гансалес Лая. Як паведамляе прэс-служба Ціханоўскай, сустрэча адбылася 7 красавіка ў Вільні.

Ціханоўская падзякавала міністру за падтрымку і салідарнасць з боку Іспаніі, а таксама за прыняцце іспанскім парламентам рэзалюцыі па Беларусі, увядзенне санкцый супраць рэжыму, працу па ўтрыманні Беларусі ў фокусе ўвагі ЕЗ.

Яна распавяла пра „бягучую сітуацыю ў Беларусі, працяг рэпрэсій, у тым ліку супраць вернікаў, а таксама пра нечалавечыя ўмовы ўтрымання затрыманых і палітвязняў”.

Ціханоўская заклікала Іспанію падтрымаць ініцыятыву перамоў пры міжнародным пасрэдніцтве як мірнае вырашэнне крызісу ў Беларусі. На сёння больш за 770 тысяч грамадзян прагаласавалі на платформе „Голас” за пачатак такіх перамоў.

Паводле інфармацыі прэс-службы, Ціханоўская звярнулася да кіраўніка МЗС Іспаніі з заклікам падтрымаць чацвёрты пакет санкцый супраць „кашалькоў” Лукашэнкі і прадстаўнікоў рэжыму, якія ўдзельнічалі ў фальсіфікацыі выбараў і рэпрэсіях супраць народа, а таксама заклікала аказаць дапамогу рэпрэсаваным беларусам, праваабаронцам, незалежным медыя, студэнтам і даследчыкам.

„Мяне захапляе, што Іспанія займае такую выразную прынцыповую пазіцыю па Беларусі і пастаянна сочыць за сітуацыяй, — адзначыла Ціханоўская. — Іспанія падтрымлівае беларускі народ і ў ЕЗ, і ў міжнародных структурах. На сустрэчы з міністрам мы гаварылі пра тое, як дапамагчы беларусам цяпер і як дапамагчы пасля перамен”.

БелаПАН

Фота: twitter.com/Tsihanouskaya