Ціханоўская абмеркавала з кіраўніком партыі Меркель будучыя санкцыі



Святлана Ціханоўская 11 чэрвеня правяла перамовы з Армінам Лашэтам, магчымым канцлерам Германіі пасля выбараў у верасні. Сустрэча праходзіла каля гадзіны за зачыненымі дзвярыма ў фармаце тэт-а-тэт, паведамляе тэлеграм-канал Ціханоўскай.

Ціханоўскі і Лашэт гаварылі пра сітуацыю з Раманам Пратасевічам, тэрарыстычны акт захопу самалёта, а таксама пра рэакцыю Еўрапейскага Звяза і ЗША на гэты інцыдэнт. Беларуская лідарка заклікала нямецкі ўрад і асабіста Арміна Лашэта быць больш смелымі і паслядоўнымі ў прыняцці максімальна жорсткіх абмежавальных мер у дачыненні да Лукашэнкі, яго памагатых, прапагандыстаў і суддзяў, якія выносяць несправядлівыя прысуды.

Ціханоўская падтрымала прапанову ЕЗ увесці санкцыі супраць сектараў эканомікі, якія знаходзяцца пад кантролем рэжыму Лукашэнкі. Армін Лашэт у заяве для СМІ пасля сустрэчы пацвердзіў неабходнасць максімізаваць ціск на рэжым і выказаўся ў падтрымку ўвядзення новых, больш шырокіх санкцый.

На сустрэчы таксама казалі пра дапамогу грамадзянскай супольнасці. 

Ціханоўская і Лашэт зрабілі сумесную заяву для прэсы, у якой кіраўнік партыі ХДС падтрымаў барацьбу беларусаў за свабоду, а Святлана Ціханоўская падзякавала магчымага будучага канцлера Германіі за тое, што ён робіць і будзе рабіць для нашай краіны.

Фота: Nadine Zilliges