Ціханоўская абмеркавала з прадстаўніком Дзярждэпа ЗША палітычны крызіс у Беларусі
Палітычны крызіс у Беларусі абмяркоўваўся 24 жніўня на сустрэчы кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай і намесніка дзяржсакратара ЗША Стывена Бігана. Сустрэча адбылася ў Вільні, паведамляе прэс-служба Ціханоўскай.
Ціханоўская выказала падзяку ЗША за падтрымку беларускага народа, які патрабуе павагі да свайго выбару.
„Выбары 9 жніўня не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі, — сказала Ціханоўская. — Лукашэнка не карыстаецца падтрымкай ні беларускага народа, ні міжнароднай супольнасці. Кожны дзень ён адмаўляецца прыняць волю свайго народа, толькі працягваючы крызіс і паглыбляючы яго”.
Ціханоўская выказала гатоўнасць вырашыць крызіс праз дыялог аб мірнай перадачы ўлады.
„Мы заўсёды казалі, што гатовыя да дыялогу і імкнемся да мірнага ўрэгулявання, — адзначыла яна. — Мы адкрытыя для пасрэдніцтва міжнародных арганізацый для палягчэння дыялогу. Таксама мы патрабуем бесстаронняга расследавання злачынстваў, учыненых уладамі Беларусі супраць свайго народа”.
Ціханоўская таксама заклікала „ўсе краіны паважаць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Беларусі”. „Толькі народ Беларусі будзе вырашаць сваю будучыню на новых справядлівых і свабодных выбарах”, — сказала яна.
Святлана Ціханоўская 11 жніўня пакінула Беларусь і выехала ў Літву.
Яе паплечніца Марыя Калеснікава паведаміла на прэс-канферэнцыі ў той жа дзень, што напярэдадні кандыдат у прэзідэнты наведвала ЦВК і „тры гадзіны знаходзілася без сувязі ў пакоі з высокапастаўленымі прадстаўнікамі сілавых структур”.
„У пакой заносілі відэаабсталяванне, некалькі вялікіх чорных сумак. Вынік — заява, якую вы бачылі, — сказала Калеснікава, маючы на ўвазе два відэазвароты, у якіх Ціханоўская кажа пра прычыны ад’езду ў Літву і заклікае сваіх прыхільнікаў не ўдзельнічаць у акцыях пратэсту. — Калі ў цябе дзеці, муж у турме, складана зрабіць заяву не пад націскам”.
Прадстаўніца штаба Ціханоўскай Вольга Кавалькова, каментуючы ад’езд кандыдата ў прэзідэнты за мяжу, заявіла: „Не ўяўляецца магчымым, што Ціханоўская прыняла рашэнне сама, гэта вынік націску. Да сустрэчы ў ЦВК Ціханоўская не планавала з’язджаць”.
belapan.by
Фота Святлана Ціханоўская / t.me/pulpervoi