Ціханоўская абмеркавала з прадстаўніком Дзярждэпартамента апошнія падзеі ў Беларусі
Апошнія падзеі ў Беларусі, магчымыя шляхі выхаду з крызісу, а таксама „патэнцыйны ўдзел ЗША, ЕЗ і Расеі ў арганізацыі дыялогу аб правядзенні новых выбараў” абмеркавалі 25 верасня экс-кандыдат у прэзідэнты Святлана Ціханоўская і намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША Джордж Кент.
Ціханоўская „падзякавала за цвёрдую і паслядоўную пазіцыю ЗША ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі і нагадала пра важнасць падтрымкі грамадзянскай супольнасці Беларусі і эканамічнай падтрымкі Беларусі пасля дэмакратычных перамен”, паведамляе яе тэлеграм-канал „Пул Першай”.
Раней Ціханоўская гаварыла па тэлефоне з сенатарамі і дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША. „Яна нагадала аб важнасці непрызнання легітымнасці Лукашэнкі, падтрымцы рэпрэсаваных і санкцыях супраць асоб, вінаватых у разгонах мірных пратэстоўцаў”, — адзначаецца ў рэлізе.
Ціханоўская вітала аднаўленне дыппрадстаўніцтва ЗША на ўзроўні пасла, але выказала асцярогу, што ўручэнне даверчых грамат Аляксандру Лукашэнку „можа быць успрынятае як яго прызнанне”.