Ціханоўская абмяркуе з пасламі АБСЕ шляхі выхаду Беларусі з крызісу
Святлана Ціханоўская 5-6 лістапада наведае Вену, дзе сустрэнецца з федэральным канцлерам Аўстрыі Себасцьянам Курцам і пастаяннымі прадстаўнікамі дзяржаў у Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, паведамляе прэс-служба экс-кандыдата ў прэзідэнты.
Ціханоўская плануе абмеркаваць з імі „магчымыя шляхі вырашэння крызісу ў Беларусі, а таксама патэнцыйныя праграмы гуманітарнай дапамогі беларускаму народу”.
Акрамя таго, экс-кандыдат у прэзідэнты возьме ўдзел у круглым стале па Беларусі, што арганізуецца няўрадавым аналітычным цэнтрам ICEUR.
13 жніўня Себасцьян Курц выступіў з асуджэннем гвалту ў дачыненні да пратэстоўцаў у Менску.
„Развіццё падзей у Беларусі і гвалт у дачыненні да дэманстрантаў, які працягваецца некалькі дзён, мы асуджаем катэгарычна”, — напісаў палітык на сваёй старонцы ў „Твітэры”.
У размове з журналістамі 19 жніўня перад пачаткам надзвычайнага саміту ЕЗ па сітуацыі ў Беларусі Курц выказаўся ў падтрымку санкцый супраць адказных за гвалт у дачыненні да дэманстрантаў. Аўстрыйскі канцлер таксама заклікаў правесці ў краіне свабодныя і сумленныя выбары.
Себасцьян Курц — адзін з нямногіх еўрапейскіх палітыкаў, якія наведвалі Беларусь і/або прымалі Аляксандра Лукашэнку ў сваёй краіне. Іх сустрэчы адбыліся ў сакавіку 2019 года ў Менску і ў лістападзе 2019 года ў Вене.