Ціханоўская абвясціла аб пачатку стварэння рады для перадачы ўлады



Кандыдат у прэзідэнты Беларусі Святлана Ціханоўская, якая знаходзіцца ў Літве, ініцыюе стварэнне каардынацыйнай рады для забеспячэння трансферу ўлады. Яна і яе каманда гатовыя да дыялогу з уладамі, заявіла Ціханоўская ў звароце, апублікаваным у тэлеграм-канале „Пул Першай”.

Ціханоўская паведаміла, што яе штаб працягвае працаваць, яго па-ранейшаму ўзначальвае Марыя Мароз. Каардынаваць штаб у Беларусі будуць Вольга Кавалькова і Мікалай Казлоў.

„З улікам падзей у краіне і неабходнасці прыняцця неадкладных мер для аднаўлення законнасці ў Беларусі, я, Святлана Ціханоўская, ініцыюю стварэнне каардынацыйнай рады для забеспячэння трансферу ўлады, — адзначыла яна. — У гэтую раду могуць увайсці прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, паважаныя і вядомыя беларусы, прафесіяналы сваёй справы. Я даручаю сваёй даверанай асобе Вользе Кавальковай і адвакату Максіму Знаку прымаць заяўкі аб вылучэнні членаў рады ад арганізацый і аб`яднанняў грамадзян”.

Ціханоўская падзякавала ўсім людзям і арганізацыям, якія яе падтрымалі і гатовыя дапамагчы з перамоўным працэсам, і папрасіла іх аб`яднацца ў каардынацыйную раду. „Нам вельмі патрэбная ваша дапамога і вопыт, — падкрэсліла кандыдат у прэзідэнты. — Нам патрэбныя вашы сувязі, кантакты, экспертныя парады і падтрымка. У гэтую каардынацыйную раду павінны ўвайсці ўсе, хто зацікаўлены ў дыялогу і мірнай перадачы ўлады: працоўныя калектывы, партыі, прафсаюзы і іншыя арганізацыі грамадзянскай супольнасці”.

Яна таксама папрасіла міжнародную супольнасць і еўрапейскія краіны дапамагчы ў арганізацыі дыялогу з беларускімі ўладамі. На яе думку, улады павінны паказаць гатоўнасць да дыялогу з народам, а для гэтага трэба „адпусціць усіх затрыманых, прыбраць з вуліц гарадоў АМАП і войскі, распачаць крымінальную справу супраць тых, хто аддаваў злачынныя загады збіваць і страляць у людзей”.

„Я звяртаюся да мэраў гарадоў: выйдзіце і пачніце размаўляць, слухаць людзей, — заклікала Ціханоўская. — Гэта ў вашых кампетэнцыях арганізаваць законныя і мірныя мітынгі на плошчах гарадоў. Я звяртаюся да супрацоўнікаў міліцыі, арміі і іншых сілавікоў: не выконвайце злачынных загадаў. Пагаворыце з вашым начальствам, спыніце кровапраліцце. Вы давалі прысягу служыць Рэспубліцы Беларусь і свайму народу. Мы, людзі, будзем ўдзячныя кожнаму, хто стане на бок народа”.

Ціханоўская заявіла, што захапляецца беларусамі, якія „зрабілі немагчымае”: „Мы паказалі, што нас большасць. І гэтая краіна належыць нам, народу Беларусі, а не аднаму чалавеку”. „Я выказваю спачуванне кожнаму пацярпеламу ў гэтыя дні, кожнай сям`і. Мне было вельмі цяжка глядзець на той гвалт, у які ўлада пагрузіла нашы гарады за апошні тыдзень. Гэтага ніколі не павінна паўтарыцца”, — адзначыла яна.

Раней сёння ў відэазвароце Ціханоўская заклікала грамадзян патрабаваць ад ЦВК пераліку галасоў, а ад пракуратуры — праверкі выканання закона на прадмет фальсіфікацый падчас выбараў. Кандыдат у прэзідэнты ўпэўненая, што „беларусы ніколі больш не захочуць жыць з ранейшай уладай, у яго (Аляксандра Лукашэнкі. — БелаПАН.) перамогу большасць не верыць”.

belapan.by