Ціханоўская абвясціла пра другі этап падрыхтоўкі да перамоў з уладамі



Лідар дэмакратычнай Беларусі Святлана Ціханоўская і яе каманда пачынаюць другі этап падрыхтоўкі да перамоў з уладамі. Пра гэта яна паведаміла ў сваім тэлеграм-канале.

Першы этап падрыхтоўкі стартаваў 18 сакавіка, калі было запушчана агульнанацыянальнае галасаванне на платформе „Голас” за арганізацыю перамоў з прадстаўнікамі ўлады пры міжнародным пасрэдніцтве. Амаль за два тыдні ў ім прынялі ўдзел больш за 770 тысяч карыстальнікаў, больш за 760 тысяч з іх ухвалілі прапанову Ціханоўскай.

Ініцыятыву падтрымалі таксама ў ЗША, Германіі, Нарвегіі, Літве, Славеніі, Фінляндыі, Швецыі і Аўстрыі. Парламенцкая асамблея АБСЕ, ЗША і ЕЗ выказалі гатоўнасць дапамагаць у арганізацыі дыялогу. „Міжнародныя партнёры кажуць нам, што патрабаванне перамоў паказвае сталасць беларусаў як нацыі”, — заявіла Ціханоўская. Яна таксама падкрэсліла, што голас беларусаў „пачула і Расея”. „Перамовы не сходзяць з абмеркаванняў у расейскіх СМІ і кулуарах. Макрон і Меркель размаўляюць з Пуціным пра беларускі дыялог. А значыць, мы з вамі робім усё правільна”, — дадала яна.

Другі этап падрыхтоўкі, паводле яе слоў, уключае два напрамкі працы — прымус да перамоў праз узмацненне знешняга і ўнутранага націску і непасрэдна падрыхтоўку і арганізацыю перамоў. У найбліжэйшыя тыдні, адзначыла Ціханоўская, плануецца выпрацаваць, якімі будуць пляцоўка, фармат і бакі перамоў. Некалькі краін ужо прапаноўваюць сябе ў ролі медыятараў, а найбольш верагоднай платформай выглядае АБСЕ. Цяпер Ціханоўская разам з дарадцамі вядзе закрытыя кансультацыі па гэтых пытаннях. Яна таксама адзначыла, што „залог эфектыўных перамоў — выбраць правільных і дамоваздольных людзей, якія хочуць вывесці Беларусь з крызісу”. „Мы ведаем, што такія людзі ёсць”, — кажа яна. І нагадвае, што перамовы магчымыя толькі пры ўмове спынення гвалту і вызвалення палітвязняў. Гэта стане першым і галоўным сігналам да дыялогу, — лічыць Святлана Ціханоўская.

Беларускае Радыё Рацыя