Ціханоўская адмяніла мітынг у Менску, але наведае свята ў Кіеўскім скверы
Штаб кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай вымушаны быў адмяніць вялікі мітынг-канцэрт, які планавалася правесці ўвечары 6 жніўня ў менскім парку Дружбы Народаў. Пра гэта паведаміла прэс-служба кандыдата.
„На электронную пошту Святланы Ціханоўскай прыйшло паведамленне пра свята чыгуначных войскаў у парку Дружбы Народаў, — гаворыцца ў паведамленні. — Нам не даюць правесці мітынгі ні на адной пляцоўцы Менска, гэтак жа, як у Слуцку і Салігорску. Гэта абсалютна незаконныя дзеянні ўладаў, мы абскардзілі гэтае рашэнне ў Генеральную пракуратуру, ЦВК і Менгарвыканкам, але мы не будзем правакаваць людзей”.
„Як грамадзянін Рэспублікі Беларусь Святлана Ціханоўская разам з Марыяй Калеснікавай і Веранікай Цапкалай плануюць у 19.00 наведаць свята „Дзень адчыненых дзвярэй устаноў дадатковай адукацыі”, які гарадскія ўлады арганізуюць сёння ў Кіеўскім скверы. Упэўненыя, што ўлады забяспечаць бяспеку ўсіх тых, хто сабраўся, што яны абавязаныя рабіць у адпаведнасці з законам”, — гаворыцца ў паведамленні.
Апавяшчэнне аб правядзенні 6 жніўня перадвыбарнага мітынгу ў парку Дружбы Народаў было пададзенае 14 ліпеня Святланай Ціханоўскай і 20 ліпеня — яе даверанай асобай Вольгай Кавальковай. Парк Дружбы Народаў уваходзіць у лік месцаў, адведзеных уладамі для правядзення перадвыбарнай агітацыі. Для арганізацыі там агітацыйнага мерапрыемства дастаткова паведамлення.
3 жніўня на сайце адміністрацыі Савецкага раёна Мінска з’явілася інфармацыя, што да 8 жніўня ў парку Дружбы Народаў па вечарах будуць праходзіць канцэрты і святочныя мерапрыемствы. У прыватнасці ўвечары 6 жніўня — святкаванне дня чыгуначных войскаў, якое арганізуецца Міністэрствам абароны.
4 жніўня штаб Ціханоўскай падаў у ЦВК і Мінгарвыканкам скаргі, запатрабаваўшы адмяніць рашэнне адміністрацыі Савецкага раёна аб арганізацыі на названай пляцоўцы мерапрыемстваў, якія не адносяцца да перадвыбарнай агітацыі. Акрамя таго, штаб папрасіў адрасатаў правесці навучальныя мерапрыемствы для кіраўнікоў адміністрацый па выбарчым заканадаўстве.
Днём 5 жніўня ў штабе кандыдата адзначалі, што, паколькі афіцыйнай рэакцыі на зварот пакуль не было атрымана, планы на правядзенне мітынгу захоўваюцца. Увечары таго ж дня ў інтэрнэце з’явілася фатаграфія дакумента за подпісам намесніка старшыні Мінгарвыканкама Арцёма Цурана, у якім ён папярэдзіў Ціханоўскую пра немагчымасць правядзення 6 жніўня ў парку Дружбы Народаў якіх-небудзь масавых мерапрыемстваў.
Раніцай 6 жніўня каманда кандыдата ў прэзідэнты распачала спробу ўсталяваць сцэну для правядзення мітынгу, аднак супрацоўнікі ДАІ не прапусцілі машыну з абсталяваннем у парк.
Пяць астатніх пляцовак, адведзеных для правядзення перадвыбарнай агітацыі ў Мінску (у іх ліку — і Кіеўскі сквер), таксама апынуліся занятыя пад розныя мерапрыемствы.
6 жніўня ў эфіры тэлеканала „Беларусь 1” выступіў намеснік міністра ўнутраных спраў — начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Аляксандр Барсукоў. Ён папярэдзіў арганізатараў несанкцыянаваных мерапрыемстваў аб персанальнай адказнасці, а таксама заклікаў грамадзян не ўдзельнічаць у такіх акцыях.
„Удзельнікі такіх мерапрыемстваў павінны разумець: правакуючы органы правапарадку на прыняцце прэвентыўных, і ў тым ліку сілавых, мер, яны ставяць пад пагрозу бяспеку звычайных грамадзян, якія апынуліся ў эпіцэнтры падзей,” — заявіў Барсукоў.
„Мы не дапусцім хаосу, не дазволім чыніць беспарадкі на вуліцах. Паверце, у нас дастаткова сіл і сродкаў, каб супрацьстаяць тым, хто не жадае выконваць законы нашай краіны”, — дадаў намеснік міністра.
Сёння ж у міліцыю была дастаўленая кіраўнік штаба Ціханоўскай Марыя Мароз. Яе папярэдзілі „аб адказнасці за арганізацыю масавых беспарадкаў”.