Ціханоўская: Аўдыязапіс ByPOL адпраўлены ў кангрэс ЗША, АБСЕ, Савет Еўропы
Святлана Ціханоўская пракаментавала апублікаваны ініцыятывай ByPOL аўдыязапіс, на якім чалавек з голасам, падобным на голас намесніка кіраўніка МУС Мікалая Карпянкова, кажа пра жорсткія метады барацьбы з пратэстоўцамі.
„Мы ўжо разаслалі яго ў Кангрэс ЗША, АБСЕ, Савет Еўропы і іншым нашым міжнародным партнёрам. Мы ўжо заклікалі ЕЗ прызнаць ГУБАЗіК і АМАП тэрарыстычнымі арганізацыямі. Карпянкоў ужо стаў падазраваным у крымінальнай справе па ўніверсальнай юрысдыкцыі, што пагражае яму міжнародным вышукам. Ён ужо ў санкцыйных спісах балтыйскіх краін. Мы не дамо свету забыцца пра тое, што адбываецца ў Беларусі зараз”.
Ціханоўская звярнулася да супрацоўнікаў праваахоўных органаў: „Вы лічыце 9 мільёнаў чалавек лішнімі людзьмі? Вы гатовыя за значок адрознення перад дыктатарам пакалечыць, знявечыць і забіць? Яны ўнушаюць вам, што новая ўлада будзе здзекавацца з вас і вашых дзяцей, ставіць на калені, забіваць. Вось толькі мы — не яны. Мы ведаем, што дзеці не ў адказе за сваіх бацькоў. Мы ведаем, што кожны павінен адказваць толькі за сябе і толькі за свае ўчынкі. Мы людзі, а не звяры. Мы гаворым пра дыялог, яны — пра тэрор. Мы гаворым пра свабоду, яны — пра канцлагеры. Мы прапануем мірныя рашэнні, а яны прапануюць вайну”, сказала Ціханоўская.
<…> Лукашэнка рыхтуецца да сыходу. Ён ведае, што з ім Беларусь ператворыцца ў краіну-ізгоя. Ён ведае, што прайграў. Пытанне толькі ў тым, што ён пакіне пасля сябе. І зараз я хачу задаць пытанне кожнаму чалавеку ля экрана, усім, хто глядзіць гэта відэа. Усё роўна за каго вы галасавалі і якіх поглядаў прытрымліваецеся. Усё роўна, які сцяг і герб вам падабаецца. Я хачу задаць пытанне кожнаму беларусу. Што мы заслужылі: краіну для жыцця або канцлагер? ».
Беларускае Радыё Рацыя