Ціханоўская: Беларусь настроена працягваць удзел ва „Усходнім партнёрстве”



Беларуская дэмакратычная лідарка заявіла, што ідэя выхаду Беларусі з ініцыятывы ЕЗ «Усходняе партнёрства» – гэта новая дэманстрацыя няўпэўненасці рэжыму. Ён помсціць, але такімі дзеяннямі толькі праяўляе слабасць і недальнабачнасць.

„Усходняе партнёрства” – гэта праграма, якая адкрывае для нашай краіны мноства магчымасцяў, уключаючы адукацыю, кантакты паміж людзьмі, новыя палітычныя і эканамічныя сувязі, – заявіла Ціханоўская. – Лукашэнка хоча пазбавіць нас, беларусаў, усяго гэтага.

Але я хачу нагадаць, што ўсе яго рашэнні з 9 жніўня 2020 года не маюць законнай сілы: ён прадстаўляе толькі свае інтарэсы, якія наносяць відавочную шкоду інтарэсам народа.

Таму Беларусь зацікаўлена працягваць удзел ва „Усходнім партнёрстве”. І мы – мая каманда і ўсе дэмакратычныя сілы – працягнем працаваць з нашымі еўрапейскімі партнёрамі і зробім усё, каб у праектах „Усходняга партнёрства”, уключаючы саміт у гэтым годзе, нашу Радзіму прадстаўлялі тыя, хто сапраўды мае права казаць ад імя народа”. 

Таксама Святлана Ціханоўская выказала „вялікую павагу дэлегацыі ЕЗ у Менску за актыўную пазіцыю, дапамогу рэпрэсаваным і прысутнасць іх каманды на судах над невінаватымі беларусамі”.

Нагадаем, сёння стала вядома, што ў якасці адказу на новыя санкцыі Еўразвяза афіцыйны Менск прыпыняе свой удзел у ініцыятыве ЕЗ «Усходняе партнёрства». 

Беларускае Радыё Рацыя