Ціханоўская: Беларусь падпіша Рымскі статут Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе
Беларусь абавязкова падпіша Рымскі статут Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе, заявіла Святлана Ціханоўская падчас візіту ў Нідэрланды.
Пакуль гэтага не адбылося, яна будзе звяртацца ў Савет бяспекі ААН для правядзення следства і склікання трыбунала па Беларусі. „Забойствы Бандарэнкі, Тарайкоўскага, Крыўцова не застануцца беспакаранымі. Таксама ў нас ёсць сведчанні сотняў чалавек, якія былі збітыя ў турмах, прайшлі праз катаванні і згвалтаванні. І падчас народнага трыбунала мы збярэм яшчэ больш доказаў, каб датычныя ў выніку панеслі адказнасць за свае злачынствы”, — цытуе экс-кандыдата ў прэзідэнты яе прэс-служба.
Падчас сустрэч з прэм’ерам і міністрам замежных спраў Нідэрландаў Ціханоўская заявіла, што злачынствы, якія здзяйсняюць памагатыя рэжыму, не застануцца беспакаранымі. Доказы злачынстваў будуць падрыхтаваны для разгляду Міжнародным крымінальным судом і трыбуналам у Гаазе, сказала яна.
Як паведамляла прэс-служба Ціханоўскай, 20 лістапада на сустрэчы з міністрам замежных спраў Нідэрландаў Стэфанам Блокам яна абмеркавала міжнароднае расследаванне злачынстваў рэжыму ў Беларусі і пачатак працэсу прызнання атрада міліцыі асаблівага прызначэння (АМАП) і галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) МУС тэрарыстычнымі арганізацыямі.
„Блок выказаў гатоўнасць дапамагчы ў гэтым напрамку”, — адзначаецца ў рэлізе.
„Раз ГУБАЗіК і АМАП ператварыліся ў злачынныя банды, мы пачынаем працэдуру прызнання гэтых арганізацый экстрэмісцкімі або тэрарыстычнымі. Усе супрацоўнікі, якія не звольняцца да заканчэння расследавання, будуць прызнаныя саўдзельнікамі і атрымаюць санкцыі і арышт маёмасці. На амністыю змогуць разлічваць толькі тыя сілавікі, якія пяройдуць на бок народа”, — заявіла Ціханоўская.
З просьбай падтрымаць міжнароднае расследаванне ў рамках універсальнай юрысдыкцыі і абвясціць ГУБАЗіК і АМАП экстрэмісцкімі арганізацыямі Ціханоўская звярнулася да міністра замежных спраў Латвіі Эдгарса Рынкевічса падчас візіту ў Рыгу 14 лістапада.
Рымскі статут — міжнародная дамова, якая заснавала Міжнародны крымінальны суд — прыняты на дыпламатычнай канферэнцыі ў Рыме 17 ліпеня 1998 года і набыў моц 1 ліпеня 2002 года. Дакумент устанаўлівае функцыі, юрысдыкцыю і структуру суда.