Ціханоўская: Беларусі патрэбныя саюзнікі па ўсім свеце



Афіцыйныя Афіны падтрымліваюць дэмакратычную Беларусь, „Грэцыя — на баку беларускага народа”. Гэта адзначаецца ў каментары лідаркі дэмакратычнай Беларусі Святланы Ціханоўскай, якая знаходзіцца з трохдзённым візітам у гэтай краіне.

«Беларусі патрэбныя саюзнікі па ўсім свеце.

Грэкі перажылі дыктатуру „чорных палкоўнікаў”, таму памяць пра барацьбу з дзяржаўным тэрорам тут яшчэ жывая. І тое, што я кажу, адгукаецца ў іх сэрцах – асабліва ў старэйшага пакалення.

А маладым грэкам вельмі важна чуць праўду пра Беларусь, таму што свабоду і дэмакратыю лёгка страціць, але вельмі цяжка адваяваць”, – сказала Ціханоўская.

За мінулыя два дні палітык сустрэлася з прэзідэнтам Грэцыі Кацярынай Сакелларопулу, мэрам Афін Костасам Бакаянісам, палітыкамі і парламентарыямі Грэцыі, пасламі ЗША, Чылі, Мексікі, Францыі і Літвы ў Афінах.

Як паведамляе прэс-служба Ціханоўскай, гаворка ішла пра падтрымку дэмакратычнай Беларусі на міжнароднай арэне, у тым ліку ў ААН, Савеце Еўропы і АБСЕ, аб падтрымцы рэпрэсаваных беларускіх студэнтаў, спартоўцаў, незалежных медыя, журналістаў і блогераў. Палітык расказала пра катаванні ў турмах, суды над актывістамі ў Магілёве і запланаваны суд над яе мужам, блогерам Сяргеем Ціханоўскім у Гомелі.

Таксама Святлана Ціханоўская сустрэлася з беларускай дыяспарай у Грэцыі.

Сёння Ціханоўская выступіць на Дэльфійскім эканамічным форуме.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: t.me/tsikhanouskaya