Ціханоўская: Беларусы заплацілі за сваю годнасць вялікую цану



„Прайшло больш як чатыры месяцы з пачатку гістарычных пратэстаў у Беларусі. Мы даведаліся, хто мы як людзі, і заплацілі за сваю годнасць вялікую цану”, — заявіла экс-кандыдат у прэзідэнты Святлана Ціханоўская, выступаючы 2 снежня на Менскім форуме. З-за пандэміі каронавіруснай інфекцыі мерапрыемства праходзіла ў анлайн-фармаце.

„Амаль 30 тысяч чалавек былі затрыманыя, тысячы зведалі катаванні, 900 чалавек сталі падазраванымі па палітычна матываваных крымінальных справах, восем былі забітыя. У нас ёсць тысячы трагічных гісторый і разбураных жыццяў”, — падкрэсліла Ціханоўская.

Яна нагадала, што яе муж, блогер Сяргей Ціханоўскі, знаходзіцца ў турме ўжо паўгода. „Мая пяцігадовая дачка пытаецца, ці жывы тата, — сказала Ціханоўская. — Наша сям`я — толькі адзін з тысячы выпадкаў. Я не магу перастаць думаць пра дзяцей, якія ніколі не ўбачаць сваіх бацькоў, таму што іх забілі. Іх забіў рэжым”.

„Лукашэнка і яго асяроддзе, магчыма, думаюць, што пры дапамозе гвалту змогуць задушыць дух свабоды і годнасці, які квітнее і ўмацоўваецца ў беларусах, — працягнула яна. — Гэтага не адбудзецца. Нягледзячы на прыгнёт, рэпрэсіі і запалохванне, беларусы салідарныя і становяцца мацнейшымі дзень ада дня. Адна з самых адважных жанчын Беларусі Марыя Калеснікава, якая арыштаваная, любіла казаць: „Беларусы! Вы — неверагодныя!” І гэтая неверагоднасць беларусаў — гэта не толькі пытанне пазбаўлення ад дыктатуры, якая паглынула нашу краіну, як чума, 26 гадоў таму. Ніякіх перамен не адбылося б без беларускага народа. Сёння беларусы змагаюцца за прынцыпы і каштоўнасці дэмакратыі”.

Ціханоўская адзначыла, што дэмакратыя ў заходнім свеце перажывае няпростыя часы. „Я перакананая, што, калі міжнародная супольнасць не падтрымае беларусаў у іх імкненні да свабоды, мы можам сутыкнуцца з больш маштабным крызісам дэмакратыі на міжнароднай арэне. Менавіта таму я лічу, што выключна важна, каб усе нашы партнёры і саюзнікі дзейнічалі хутка і эфектыўна”, — падкрэсліла яна.

Ціханоўская падзякавала Германіі за падтрымку, аказаную беларусам у апошнія месяцы. „Дзякуй за дапамогу грамадзянскай супольнасці, журналістам, студэнтам. Падзеі апошніх трох месяцаў паказалі нам, што дыктатары не могуць быць перавучаныя, яны не мяняюцца, — адзначыла яна. — Выключна важна, каб Германія сфакусавалася цяпер на супрацоўніцтве з дэмакратычнымі сіламі і дапамагала наўпрост беларускаму народу. Мы высока цэнім гатоўнасць Германіі ўдзельнічаць у распрацоўцы „плана Маршала” для Беларусі, які дазволіць забяспечыць рост і стабільнасць нашай эканомікі, пасля таго як краіна даможацца дэмакратычных перамен. Хачу заклікаць і іншыя краіны ўзяць прыклад з Германіі”.

Ціханоўская заклікала таксама да міжнароднага расследавання злачынстваў, учыненых рэжымам Лукашэнкі.

„Пры падтрымцы партнёраў Беларусь можа стаць краінай, дзе вяршэнства права, свабода слова і права на справядлівы суд выконваюцца. Краінай, дзе чалавечая годнасць і чалавечае жыццё з`яўляюцца самымі вышэйшымі каштоўнасцямі. Давайце не забываць аб тым, што беларускія мірныя пратэсты датычацца не толькі барацьбы за свабоду і годнасць Беларусі. Гэта таксама найважнейшае выпрабаванне для міжнароднай дэмакратыі. Жыве Беларусь!” — сказала Ціханоўская ў канцы свайго выступлення.

belapan.by