Ціханоўская: Даклад АБСЕ дапаможа вырашыць палітычны крызіс у Беларусі



Даклад па Беларусі, падрыхтаваны ў межах Маскоўскага механізма АБСЕ, дапаможа вырашыць палітычны крызіс у краіне і пачаць расследаванні па фактах гвалту над мірнымі людзьмі з боку сілавых структур. Такое меркаванне выказала Святлана Ціханоўская на сустрэчы з прадстаўнікамі АБСЕ ў Вене, паведаміла прэс-служба экс-кандыдата ў прэзідэнты.

У рамках двухдзённага візіту ў Аўстрыю Ціханоўская таксама сустрэлася з канцлерам Себасцьянам Курцам, узяла ўдзел у круглым стале, ініцыяваным няўрадавым аналітычным цэнтрам ICEUR і прысвечаным арганізацыі перамоў у Беларусі і дапамозе пратэстоўцам. Удзельнікамі круглага стала сталі прадстаўнікі штаба Віктара Бабарыкі, член прэзідыума Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі Павел Латушка, Вераніка і Валерый Цапкалы, прадстаўнікі аўстрыйскага МЗС і Еўракамісіі ў Аўстрыі.

Ціханоўская адзначыла, што гэты візіт і цёплы прыём вельмі важныя, бо Аляксандр Лукашэнка заўсёды лічыў Аўстрыю сваім партнёрам і саюзнікам. Але афіцыйная Вена паказала, што прынцыпова прытрымліваецца каштоўнасцяў дэмакратыі і захавання правоў чалавека, заўважыла палітык.

Раней Павел Латушка заявіў, што даклад па Беларусі ў межах Маскоўскага механізма АБСЕ з’яўляецца доказнай базай для будучых судовых працэсаў у любой дзяржаве. „Фактычна можна казаць аб перспектыве стварэння міжнароднага трыбунала па злачынствах, што адбываюцца ў Беларусі”, — лічыць ён.

belapan.by