Ціханоўская далучылася да кампаніі падтрымкі праваабаронцаў #FreeViasna»
У Парыжы Святлана Ціханоўская наведала Міжнародную федэрацыю правоў чалавека (FIDH) і далучылася да кампаніі #FreeViasna, паведамляе тэлеграм-канал Ціханоўскай. Гэтую кампанію федэрацыя распачала дзеля падтрымкі і дапамогі беларускім праваабаронцам, якіх незаконна ўтрымліваюць за кратамі.
Ціханоўская адзначыла, што Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Леанід Судаленка і іншыя праваабаронцы павінны быць вызвалены неадкладна і без аніякіх умоваў. Адзначым, што Бяляцкі быў віцэ-прэзідэнтам FIDH да 2016 года, а Стэфановіч зʼяўляецца віцэ-прэзідэнтам FIDH з 2019-га.
Сама федэрацыя дзейнічае з 1922 года, у яе склад уваходзяць 192 арганізацыі ў больш чым 100 краінах на ўсіх кантынентах. Галоўная мэта FIDH з тых часоў – даваць свету ведаць аб парушэннях правоў чалавека ў розных краінах. FIDH працуе са структурамі ААН і мае вялікую вагу не толькі ў праваабарончай супольнасці, але можа таксама ўплываць на меркаванне ўладаў дзяржаў, ад якіх залежыць прыняцце рашэнняў у адносінах да Беларусі.
Фота: t.me/tsikhanouskaya