Ціханоўская: Еўракамісія не плануе пазбаўляць беларусаў магчымасці атрымліваць візы



Еўракамісія не пацвердзіла планы прыпыніць выдачу віз беларускім грамадзянам у сувязі з рэзкім ростам патоку нелегальных мігрантаў з Беларусі ў Літву,  паведаміла Святлана Ціханоўская.

„Мая каманда сёння звязалася з Еўракамісіяй, і інфармацыя пра ініцыятыву прыпыніць выдачу віз беларусам не пацвердзілася. Мы знаходзімся ў пастаянным кантакце з міжнароднымі партнёрамі, і яны ведаюць нашу пазіцыю: ізаляцыю трэба ўзмацняць у дачыненні да рэжыму, а народу Беларусі — дапамагаць. Людзям патрэбныя праграмы падтрымкі, рэабілітацыі і спрашчэнні ў атрыманні віз — бо ўсе дзверы, якія зачыняе рэжым, мы, беларусы, цяпер імкнемся адчыніць”, — заявіла дэмакратычная лідарка краіны.

Еўракамісар Ёхансан у сваёй заяве пра магчымасць прыпынення выдачы віз нагадала аб рашэнні Менска прыпыніць пагадненне з ЕС аб рэадмісіі.

Урад Літвы абвясціў надзвычайнае становішча на нацыянальным роўні з-за рэзкага росту патоку нелегалаў. Кіраўніцтва краіны неаднаразова наўпрост абвінавачвала  ўлады Беларусі ў тым, што яны свядома спрыяюць росту патокаў нелегальнай міграцыі.

Нагадаем, што 9 ліпеня Літва пачала будаваць на мяжы загароду з калючага дроту. Паралельна будуецца плот.

Беларускае Радыё Рацыя