Сахашчык патлумачыў, хто ўвойдзе ў беларускую вайсковую частку (абноўлена)
На прэс-канферэнцыі Валерый Сахашчык абвясціў, што ва Украіне ствараецца беларуская вайсковая частка. Яна будзе мець сучаснае ўзбраенне, у тым ліку артылерыю.
Сахашчык патлумачыў «Нашай Ніве», што вайсковая частка ужо створана, ідзе камплектацыя, прызначаны камандзір.
Пераважна яна будзе камплектавацца беларусамі, але будзе і невялікая колькасць грамадзян іншых краін. Ці аб’яднае гэта частка каліноўцаў, «Пагоню» і іншыя фармаванні беларускіх добраахвотнікаў? Сахашчык кажа, што пакуль так пытанне не стаіць, але па жаданні ваяры могуць пераходзіць туды.
«Не буду сілай нікога прымушаць туды пераходзіць. Не хачу ўступаць ні з кім у канфлікт ва Украіне». Адзначыў Сахашчык і патлумачыў, у чым будзе задача часткі.
«У першую чаргу — гэта абарона Украіны ад агрэсіі. Разам з тым хацелі б асцюдзіць гарачыя галовы ў Беларусі, якія, мяркую, плануюць удзел у агрэсіі. Вельмі хацелася б, каб да гэтага не дайшло» .
Гэта сіла, якая не пойдзе нейкім маршам на Менск. З яго слоў такія дзеянні немагчымыя цяпер, і наогул такія дзеянні магчымыя толькі па мандаце Рады бяспекі ААН.
***
Святлана Ціханоўская і чальцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка, Валер Кавалеўскі, Аліна Коўшык, Валерый Сахашчык і Аляксандр Азараў далі прэс-канферэнцыю ў варшаўскім «Музеі Вольнай Беларусі».
Жывую відэатрансляцыю вёў „Белсат”.
Чальцы Кабінету паставілі амбітную мэту: забяспечыць транзітны пераход улады ў рукі народу і скасаванне таталітарнага рэжыму Лукашэнкі. Сёння Валерый Сахашчык – прадстаўнік Кабінету ў абароне і нацыянальнай бяспецы, выступаючы на канферэнцыі ў Варшаве, сказаў, што найважнейшае – не дапусціць грамадзянскай вайны ў Беларусі:
-Я стаўлю асабістай мэтай не дапусціць грамадзянскай вайны на маёй Радзіме. І мы робім усё, каб да гэтага не дайшло. Бо нас прызнаюць якімісьці здраднікамі, тэрарыстамі. Мы ўсе разумеем, хто на самой справе вывеў нашу краіну з граніц права. Я бачу рэальным такі сцэнар, пры якім мы зможам зрабіць дэмакратычныя змены на нашай Радзіме без грамадзянскай вайны, без кравапраліцця. І мы сістэмна падыходзім да рэалізацыі гэтага плану. Я ўпэўнены, што ўсё атрымаецца.
Таксама Валер Сахашчык звярнуўся да беларускіх вайскоўцаў, у прыватнасці да Аляксандра Вальфовіча, з прапановай пачаць дыялог. Сахашчык паведаміў, што падставаю для звароту стала тое, да яго прыбыў сёння пасланнік КДБ:
-Калі ў нас з вамі некалькі разышліся разуменні аб тым, што такое дабро і зло, куды мы павінны рухацца, то я нагадваю простую ісціну: усе войны заканчваюцца перамовамі. Мы з вамі будзем разумнымі людзьмі, дзяржаўнымі людзьмі, калі пачнем дыялог, не чакаючы катастрафічных наступстваў удзелу Беларусі ў вайне ва Украіне, а таксама як і грамадзянскай вайны. Давайце пачнем дыялог. Адкрыты, у прамым эфіры, вы будзеце прыводзіць свае довады, я буду прыводзіць свае. Я асабіста гатовы да гэтага дыялогу.
Святлана Ціханоўская на пачатку канферэнцыі заявіла, што рэальныя вынікі дзеяння Кабінету будуць падведзеныя праз паўгода з моманту стварэння. Чакаецца, што рэфармаваная Каардынацыйная Рада зацвердзіць склад Кабінету.
Падчас трансляцыі можна было задаць сваё пытанне ў каментары да стрыму.
Беларускае Радыё Рацыя