Ціханоўская і Ландсбергіс усклалі вянкі да месца пахавання паўстанцаў Каліноўскага



Святлана Ціханоўская і міністр замежных справаў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс у суправаджэнні ганаровай варты адзначылі Дзень Волі ў Вільні.

Міністра і Ціханоўскую сустракала ганаровая варта на ўваходзе на могілкі Росы, дзе пахаваныя многія вядомыя беларусы. Жаўнеры ганаровай варты неслі два вянкі — беларускі бел-чырвона-белы і літоўскі жоўта-зялёна-чырвоны. Вянкі ўрачыста ўсклалі да месца пахавання паўстанцаў Каліноўскага. Пасля гэтага Ландсбергіс і Ціханоўская наведалі магілу братоў Луцкевічаў, куды таксама ўсклалі вянкі.

Пасля цырымоніі Святлана Ціханоўская пракаментавала важнасць даты 25 сакавіка:

– 103 гады, 25 сакавіка 1918 г., быў закладзены падмурак для незалежнай беларускай дзяржавы. Сёння на гэтым падмурку мы будуем свой дом – свабодны і бяспечны. Беларусы заслугоўваюць жыць у сваім доме, мірна і спакойна. Дзеля гэтага мы выходзім на вуліцы. Дзеля гэтага мы дэманструем сваю волю кожны дзень на працягу сямі апошніх месяцаў. Беларусы даказалі ўсяму свету, што заслугоўваюць свабоды.

Фота: t.me/tsikhanouskaya