Ціханоўская і Латушка анансавалі Кангрэс беларусаў
У Варшаве дэмакратычны лідар Беларусі Святлана Ціханоўская разам з кіраўніком Нацыянальнага антыкрызіснага кіраўніцтва Паўлам Латушкам правяла прэс-канфэрэнцыю, падчас якой расказала, сярод іншага, пра наступныя крокі падтрымкі беларусаў польскімі ўладамі.

«З самага пачатку Польшча заняла жорсткую пазіцыю ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі, увяла санкцыі і дала прытулак больш як 45 тысячам беларусаў», — сказала падчас прэс-канфэрэнцыі Святлана Ціханоўская.
Палітык адзначыла, што прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі падчас іх сумеснай сустрэчы запэўніў, што беларусы, якія ратуюцца ад рэпрэсій і вайны ва Украіне, знойдуць прытулак у Польшчы, а тыя, хто змагаецца за свабоду, могуць разлічваць на польскую дапамогу.
Падчас размовы з журналістамі Ціханоўская таксама паведаміла, што ў жніўні плануецца арганізацыя Кангрэсу беларусаў з мэтай «падсумаваць тое, што было зроблена за два апошнія гады, падкарэктаваць стратэгію».
Важнасць арганізацыі кангрэсу падкрэсліў і Павел Латушка:
«Кангрэс — гэта адзін з органаў, які дэмакратычным спосабам можа выказваць думку беларускага грамадства» — сказаў Латушка і адзначыў, што адным з пытанняў, якія будуць абмяркоўваюцца падчас кангрэсу, стане стварэнне вызваленчага руху Беларусі.
Палітыкі лічаць, што на кангрэс трэба вынесці наступныя пытанні:
– заснаванне нацыянальна-вызваленчага руху Беларусі;
– стварэнне органа нацыянальнай улады як выканаўчай і каардынуючай структуры для забеспячэння транзіту ўлады Беларусі і дзейнасці нацыянальна-вызваленчага руху;
– прынцыпы стратэгічнага супрацоўніцтва і падтрымкі Украіны;
– еўрапейскі выбар для беларускага народа.
