Ціханоўская і пасол ЗША Фішэр усклалі вянкі да магілы Каліноўскага ў Вільні



З нагоды Міжнароднага дня салідарнасці з Беларуссю, які мае адбыцца 7 лютага, пасол ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр і экс-кандыдат у прэзідэнты Святлана Ціханоўская ўсклалі вянкі да месца пахавання Кастуся Каліноўскага на могілках Росы ў Вільні.

Як паведамляе прэс-служба Ціханоўскай, палітык падкрэсліла, што трэба ведаць сваіх герояў, гістарычных і цяперашніх. „Гэты тыдзень сапраўды можна назваць тыднем герояў Беларусі: 2 лютага быў дзень нараджэння Каліноўскага, 4 лютага — дзень нараджэння Касцюшкі. Аднак галоўныя героі сучаснай Беларусі — гэта тыя, хто сядзіць у турмах за свае погляды. Тыя, хто выходзіць на вуліцы. Тыя, хто ахвяруе сабой кожны дзень за свабоду. Сёння мы ўшаноўваем Каліноўскага, і ў нашых думках кожны, хто працягвае змагацца за свабодную Беларусь”.

На працягу апошніх дзён Фішэр знаходзіцца ў Вільні, дзе сустрэлася са Святланай Ціханоўскай, прадстаўнікамі яе офіса, кабінета прадстаўнікоў, а таксама шэрагу беларускіх ініцыятыў і арганізацый.

Як паведамлялася, нядаўна прызначаная паслом ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр з 1 па 8 лютага наведвае некалькі еўрапейскіх гарадоў. „У межах бягучых кансультацый прызначаны пасол Фішэр сустрэнецца з партнёрамі з урадаў, навуковых колаў і грамадзянскай супольнасці для абмеркавання намаганняў, якія яны робяць, а таксама шляхоў сумеснай працы для падтрымкі імкненняў беларускага народа да захавання суверэнітэту і незалежнасці, а таксама ўмацавання дэмакратыі і павышэння дабрабыту”, — паведамляла прэс-служба пасольства ЗША ў Менску.

Міжнародны дзень салідарнасці з Беларуссю ініцыявала правесці 7 лютага Святлана Ціханоўская. Намер далучыцца да яго выказалі многія краіны ЕЗ і іх лідары, а таксама грамадзяне гэтых краін і беларускія дыяспары за мяжой.

belapan.by

Фота з Фэйсбука Амбасады ЗША ў Менску.