Cвятлана Ціханоўская: Збіраем дадзеныя, каб даць шанец сілавікам на амністыю (абноўлена)



Ад сёння кожны пацярпелы ці сведка парушэнняў закону можа ўнесці інфармацыю пра гэта на платформу ekrp.org. Праект створаны Народным антыкрызісным упраўленнем і фондам BуPOL з ініцыятывы Святланы Ціханоўскай.

Падчас анлайн-прэзентацыі платформы галоўная апанентка рэжыму распавяла:

– Адзіная кніга рэгістрацыі злачынстваў – гэта сайт ці анлайн-платформа, на якой кожны пацярпелы, альбо сведка, альбо саўдзельнік злачынства змогуць загрузіць інфармацыю пра злачынства з доказамі. І кожнае злачынства будзе спачатку праверана юрыстамі, і толькі пасля апублікаванае.

Асноўнай мэтавай групай праекту з’яўляюцца прадстаўнікі сілавых структур, якія па факце запаўнення кнігі атрымліваюць шанец на амністыю. Першы спіс матэрыялаў платформы плануецца апублікаваць 20 снежня.

Беларускае Радыё Рацыя

* * * 

Святлана Ціханоўская ініцыявала запуск „Адзінай кнігі рэгістрацыі злачынстваў”.

Праект створаны Народным антыкрызісным кіраваннем і камандай былых сілавікоў ByPol. Гэта „адзіны архіў дадзеных злачынцаў і доказаў злачынстваў”. Мяркуецца, што ў будучыні ён будзе выкарыстаны беларускімі судовымі органамі і „міжнароднымі прававымі арганізацыямі” для вынясення прысудаў і падрыхтоўкі крымінальных спраў. Архіў таксама „з’яўляецца крыніцай звестак для перадачы інфармацыі ў Інтэрпол, АБСЕ і Раду Еўропы”. „Беспакаранасць не будзе доўжыцца вечна, — піша Ціханоўская. — Ніхто не пазбавіць голасу сотні тысяч чалавек, якія жадаюць справядлівасці”. 

Асобы, пра чые злачынствы ўдасца сабраць матэрыялы, могуць ужо ў бліжэйшы час трапіць пад санкцыі.

Святлана Ціханоўская таксама зноў звярнулася да сілавікоў. Паводле яе слоў, „Адзіная кніга рэгістрацыі злачынстваў” — „гэта апошні шанец для тых, хто альбо быў сведкам злачынстваў калег, альбо іх вымушаным саўдзельнікам”. Яны могуць спадзявацца на змякчэнне пакарання, калі дадуць паказанні, — падкрэслівае Ціханоўская.

Беларускае  Радыё Рацыя