Ціханоўская: Калі ядзерная зброя будзе ў Беларусі, то гэта забяспечыць прысутнасць расейскіх вайскоўцаў на шмат гадоў
У Вільні праходзіць саміт НАТА. У яго межах ужо адбылася сустрэча Святланы Ціханоўскай з амерыканскімі сенатарамі і прайшоў Сайд-івэнт па Беларусі. У ім бралі ўдзел палітык Святлана Ціханоўская, міністарка замежных спраў Ісландыі, міністр замежных спраў Партугаліі, дзяржаўны сакратар Фінляндыі, намеснік міністра замежных спраў Літвы. Падчас імпрэзы ўздымаліся пытанні ролі Беларусі ў трансатлантычнай бяспецы, стасункаў паміж Беларуссю і Расеяй, уплыву ЧВК “Вагнер” і пытанні ядзернай зброі і бяспекі ды іншыя.

Паводле Святланы Ціханоўскай, яна ўдзячная ўсім спікерам, якія бралі ўдзел у івэнце і падтрымалі Беларусь:
– Я не магу сказаць, што нехта падтрымлівае больш, хто менш, бо кожны робіць, што можа. Канешне, некаторыя краіны маглі б рабіць нашмат больш, якія больш уплывовыя. Але ж, як я сёння ўжо сказала, што маленькія краіны насамрэч можа маюць больш магчымасцяў да нейкіх неартадаксальных рашэнняў. Вось як мяне запрасілі ў Рэйк’явік на саміт Савета Еўропы. Гэта такі анпрэцэндэнтны крок насамрэч, і Ісландыя вельмі дапамагае ў некаторых палітычных рашэннях, а Літва, канешне, наперадзе ўсіх.

Як кажа Святлана Ціханоўская, на сустрэчах з замежнымі палітыкамі яны прыцягваюць увагу да тых тэм, якія ім важныя. Сярод іх адна з важных тэмаў – ядзерная зброя.
– Не пачулі нейкай такой вельмі моцнай рэакцыі з боку нашых саюзнікаў, бо для іх няма вялікага значэння адкуль зброя. Калі яна паляціць, то адкуль гэта будзе з Менску ці з Санкт-Пецярбургу, а для нас, беларусаў, гэта важна. Я ім тлумачу – глядзіце на гэтую праблему з пункту гледжання беларусаў. Што калі гэтая ядзерная зброя будзе размешчаная ў нашай краіне, то гэта забяспечыць прысутнасць расейскіх вайскоўцаў на шмат гадоў наперад, і нам будзе вельмі цяжка потым ад гэтай ядзернай зброі пазбавіцца. Ужо зараз павінны быць прэвентыўныя крокі, каб не дапусціць ядзерную зброю ў Беларусі.
На думку Святланы Ціханоўскай, павінны ўводзіцца нейкія прэвентыўныя санкцыі, ці дэкларацыі, рэзалюцыі аб тым, што альянс такіх краін, як ЗША, Францыі, Германіі ды іншых, будуць стаяць за незалежнасць Беларусі і што яны не дапускаюць размяшчэння ядзернай зброі ў краіне.
Паводле палітыка, гэта сыходзіць з парадку дня і гэта вельмі балюча, бо для іх больш важнае пытанне – Украіна.
Заўтра, 12 ліпеня, Святлана Ціханоўская афіцыйна запрошаная на лекцыю прэзідэнта ЗША Джо Байдэна. Ён у Віленскім універсітэце звернецца да жыхароў Літвы.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:













Беларускае Радыё Рацыя
