Ціханоўская кажа пра гарантыі бяспекі для Лукашэнкі
Аляксандр Лукашэнка мусіць атрымаць гарантыі бяспекі ў выпадку яго згоды на перадачу ўлады і арганізацыю новых выбараў. Такое меркаванне выказала Святлана Ціханоўская ў інтэрв’ю ўкраінскаму інтэрнэт-выданню lb.ua.
«Гэта ўсё можна абмяркоўваць. Вядома, калі мірна сыдзе, па-чалавечы, то такая магчымасць ёсць. Можна нават сказаць, упэўненасць. Асабіста я павінна гаварыць за ўсіх людзей. І думка ўсіх людзей будзе ўлічвацца ў гэтым пытанні», – сказала Ціханоўская.
Яна таксама дадала, што ў выпадку згоды Аляксандра Лукашэнкі на мірную перадачу ўлады кардынальных змен у складзе ўраду не адбудзецца: «Многія з тых, хто працуе цяпер ва ўрадзе, напэўна, знаходзяцца на сваім месцы. Гэта людзі прафесійныя, яны ведаюць, як працаваць. Ад таго, што ў нас любая ініцыятыва спыняецца, ад таго, што ў нас сістэма запалохвання ў вертыкалі ўлады, яны не могуць выказаць сваю думку, працаваць так, як лічаць патрэбным, не могуць пайсці на дыялог з людзьмі, таму што гэта не вітаецца зверху. Таму кардынальных перастановак не будзе. Калі людзі хочуць працаваць, яны будуць працаваць. Толькі ўжо на карысць беларусаў».
Беларускае Радыё Рацыя