Ціханоўская: Хто аддасць загад аб уварванні ва Украіну, паўстане перад трыбуналам
Лідар дэмакратычнай Беларусі Святлана Ціханоўская паведаміла, што да яе паступае інфармацыя пра магчымае ўварванне войскаў Беларусі ва Украіну. З гэтай нагоды яны звярнулася да беларускіх вайскоўцаў. Прыводзім галоўныя тэзісы.
1. Аляксандр Лукашэнка ўжо здзейсніў дзяржаўную здраду, прадаставіўшы тэрыторыю Беларусі для расійскай агрэсіі супраць Украіны.
Гэтая агрэсія супярэчыць нацыянальным інтарэсам Беларусі і з’яўляецца злачынствам, а таксама прама супярэчыць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Ён і ўсе службовыя асобы, якія садзейнічаюць агрэсіі, немінуча паўстануць перад судом і панясуць пакаранне за дзяржаўную здраду, а ў выпадку ўварвання ва Украіну — і за ваенныя злачынствы.
2. Уварванне беларускай арміі ва Украіну — гэта крок з незваротнымі наступствамі.
Ён стане ганебнай плямай на адносінах з украінскім народам і яшчэ больш ізалюе беларусаў ад знешняга свету — ажно да жалезнай заслоны, за якой Беларусь не будуць разглядаць як самастойную дзяржаву, а жыццё ў краіне прыйдзе да галечы.
3. Усе, хто аддасць загад пра ўварванне войскаў Беларусі ва Украіну, незалежна ад пасады і воінскага звання, паўстануць перад трыбуналам.
4. Усе, хто выканае гэты заведама злачынны загад, будуць адказваць перад законам.
5. Вайскоўцы і любыя службовыя асобы, якія адмовіліся выконваць злачынныя загады, вызваляюцца ад адказнасці за іх невыкананне.
Права не выконваць заведама злачынныя загады гарантаванае Законам. Зафіксаваць сваю нязгоду з загадам можна прамым дзеяннем — склаўшы зброю.
6. Вайскоўцы, службовыя асобы і грамадзяне Беларусі, якія любымі даступнымі спосабамі прадухілілі выкананне злачынных загадаў, вызваляюцца ад адказнасці.
7. Вайскоўцы, якія пакінулі поле бою або здаліся ў палон ва Украіне, вызваляюцца ад адказнасці.
8. Загад увесці войскі ва Украіну — гэта не толькі загад адправіць на верную смерць вайскоўцаў нашай краіны, але і загад усім нам, беларусам, адмовіцца ад незалежнасці і сваёй будучыні.