Ціханоўская: Кожны такі прысуд паскарае ўвядзенне і пашырэнне санкцый



Святлана Ціханоўская пракаментавала прысуд Уладзіміру Няронскаму, гэта быў першы працэс па „справе Ціханоўскага”. Аўтар youtube-канала „Слуцк для жыцця” асуджаны на тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Такое рашэнне на пасяджэнні суда Лагойскага раёна абвясціў суддзя Аляксандр Рыбакоў.

Фота: БелаПАН

«Уладзіміра прысудзілі да трох гадоў зняволення – гэта самы суровы прысуд з магчымых. Роўна такі ж тэрмін запытваў пракурор. Такіх прысудаў можа стаць вельмі шмат, бо ў Беларусі зараз 220 палітвязняў і больш за тысячу крымінальных спраў”, – піша Ціханоўская ў сваім тэлеграм-канале. 

Рэжым займаецца дзяржаўным тэрорам, спрабуе запалохаць людзей і прымусіць іх маўчаць. Яны думаюць, што могуць беспакарана адбіраць гады жыцця ў людзей. Але гэта не так.

Кожны прысуд будзе выклікаць зваротны эфект.

Кожны «суддзя», які выносіць палітычныя прысуды, патрапіць у Адзіную кнігу рэгістрацыі злачынстваў і санкцыйныя спісы.

Кожны такі прысуд паскарае ўвядзенне і пашырэнне санкцый. Гэтыя санкцыі кропкава б’юць па памагатых рэжыму і актываў «кашалькоў» Лукашэнкі і не даюць яму рабаваць краіну і гандляваць свабодай людзей.

Я ведаю, што сям’я Уладзіміра Няронскага не застанецца без падтрымкі. Беларусы ўжо не раз дэманстравалі салідарнасць і адзінства – сапраўдныя, а не тыя, якія рэжым спрабуе паказаць на сваіх круглых сталах і ВНС», – адзначыла Святлана Ціханоўская.

Беларускае Радыё Рацыя