Ціханоўская: Лукашэнка сёння проста пайшоў на пенсію



Паўнамоцтвы Аляксандра Лукашэнкі скончаны. Так пракаментавала сённяшнюю інаўгурацыю Лукашэнкі сябра прэзідыума Каардынацыйнай рады, кандыдат у прэзідэнты  Святлана Ціханоўская:

– Сёння ўпотай ад народа Лукашэнка паспрабаваў правесці ўласную інаўгурацыю. Мы ўсе разумеем, што адбываецца. Гэтая спроба прызнаць сябе легітымным прывяла толькі да таго, што папярэднія паўнамоцтвы скончаныя, а новы мандат народ яму не выдаў. Гэтая так званая інаўгурацыя, вядома, фарс. На самай справе сёння Лукашэнка проста сышоў на пенсію. Гэта азначае, што яго загады сілавым структурам больш нелегітымныя, а значыць, не падлягаюць выкананню. Я з’яўляюся адзіным лідарам, які абраны беларускім народам. І наша задача цяпер — разам пабудаваць новую Беларусь.

Услед за Нямеччынай, Літвой, Эстоніяй і Славакіяй легітымнасць Лукашэнкі не прызнала і Латвія.

«Сакрэтная інаўгурацыя» Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі не легетымуе фальсіфікацыю выбараў і статус кіраўніка дзяржавы,» – заявілі ў МЗС Латвіі.

У сваю чаргу міністр замежных спраў Лінас Лінкявічус назваў інаўгурацыю фарсам.

Афіцыйны прадстаўнік Крамля Дзмітрый Пяскоў не стаў каментаваць інаўгурацыю Лукашэнкі, заявіўшы, што гэта суверэннае рашэнне афіцыйнага Менска.

Дзмітрый Пяскоў таксама заявіў, што мерапрыемства не прадугледжвала прысутнасць Уладзіміра Пуціна.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя