Ціханоўская: Мы не будзем браць удзел у ініцыятывах палітычных самазванцаў



Экс-кандыдат у прэзідэнты Святлана Ціханоўская заявіла, што яна і яе каманда не будуць удзельнічаць у „імітацыі дыялогу”, ініцыяванай уладамі Беларусі.

„Рэжым чарговым разам прапаноўвае беларусам імітацыю дыялогу, — адзначыла яна ў сваім тэлеграм-канале. — Але дамаўляцца пра законы і свабоды, пакуль у суседнім будынку катуюць невінаватых людзей, немагчыма. Мы не будзем удзельнічаць у ініцыятывах палітычных самазванцаў і рэкамендуем іншым дэмакратычным сілам не рабіць гэтага”.

„Пры гэтым, як і ўсе мірныя беларусы, мы хочам сапраўднага дыялогу. Менавіта для яго старту я ініцыявала стварэнне перамоўнага органа — Каардынацыйнай рады. Здарыцца гэта можа пры выкананні нязменных патрабаванняў: спыненні гвалту, вызваленні палітвязняў і заяве аб сыходзе Лукашэнкі”, — падкрэсліла экс-кандыдат у прэзідэнты.

Паводле слоў Ціханоўскай, прадстаўнікі народа сядуць за стол перамоваў пры ўмове сумленнага выканання гэтых умоў. „Мірныя беларусы прайшлі занадта складаны і балючы шлях, каб адмовіцца ад сваіх патрабаванняў і мэтаў. Таму тэмай сапраўднага дыялогу будуць не маніпулятыўныя рэформы Канстытуцыі, а новыя свабодныя выбары”, — заявіла яна.

Раніцай 11 лістапада тэлеканал ОНТ размясціў у сваім тэлеграм-канале фрагмент выпуску праграмы „ОбъективНо”, які выйдзе ў эфір вечарам. У ім выпушчаны з СІЗА КДБ былы член ініцыятыўнай групы прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыкі Юрый Васкрасенскі паведаміў, што прадстаўнікі Каардынацыйнай рады (КР) па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў краіне супрацоўнічаюць з ім у межах „нацыянальнага дыялогу” з боку апазіцыі. Паводле яго сцвярджэння, кіраўнікі КР увайшлі ў кантакт з камандай „Круглага стала дэмакратычных сіл” і „ўжо выслалі дзясяткі старонак з прапановамі не толькі ў канстытуцыйнае заканадаўства, але і ў асобныя сумежныя галіны права”.

Пазней у каментары tut.by Васкрасенскі заявіў, што свае прапановы „ўжо ўнёс адзін з юрыстаў штаба Бабарыкі і адвакатаў Марыі Калеснікавай, які пажадаў застацца неназваным”.

Дзмітрый Лаеўскі, абаронца члена прэзідыума КР кандыдата юрыдычных навук адваката Максіма Знака, паведаміў БелаПАН, што яго падабаронны ні Васкрасенскаму, ні ягонай камандзе ніякіх прапаноў для абмеркавання ў межах „нацыянальнага дыялогу” не перадаваў.

„Я магу стопрацэнтна абвергнуць, што датычыць Знака. Ён з’яўляецца юрыстам штаба Бабарыкі і адвакатам Калеснікавай, але ён ніякіх прапаноў у адрас „круглых сталоў” або грамадзян, вызваленых з КДБ, не перадаваў. Знак у гэтым не ўдзельнічае ніякім чынам. Больш за тое, лічыць гэта пры цяперашніх абставінах непрымальным”, — сказаў Лаеўскі.

Прэс-служба КР раней таксама паведаміла, што „Каардынацыйная рада не вядзе дыялогу з Юрыем Васкрасенскім і не накіроўвала ніякіх прапаноў па змене заканадаўства”.

БелаПАН