Ціханоўская на форуме ў Давосе назвала пачатак суда над ёй фарсам
Святлана Ціханоўская падчас удзелу ў Сусветным эканамічным форуме ў Давосе пракаментавала пачатак завочнага суда над ёй. Паводле яе слоў, сур’ёзна каментаваць „гэты фарс” складана, але ігнараваць парушэнне правоў і свабод яна не збіраецца.
«Пра працэс мне і маёй камандзе ўдалося высветліць няшмат. Пра суд я даведалася са СМІ, а не з афіцыйнага апавяшчэння. Мне адмовілі ў праве ўдзельнічаць у паседжанні, а таксама атрымаць копіі абвінавачання і пратаколаў. А імя і прозвішча майго „абаронцы”, прызначанага судом, мне паведамілі толькі ў мінулую пятніцу. З улікам выходных мне проста не пакінулі магчымасці абмеркаваць з адвакатам стратэгію абароны. Вось такое «правасуддзе», – сказала яна.
Ціханоўская адзначыла, што прызначаны адвакат не выйшаў на сувязь з ёй, хаця яна і спрабавала пагутарыць з ім.
«Як ён збіраецца мяне бараніць? Упэўнена, што гэта і не ўваходзіла ў яго планы», – дадала яна.
На яе думку, усе ўдзельнікі завочнага суда займаюцца выключна адным: даюць доказы сваіх злачынстваў супраць народа Беларусі.
«Што я хачу сказаць усім, хто ўдзельнічае ў гэтым працэсе, ад заказчыкаў справы, да суддзяў, пракурораў, следчых і таго самага абаронцы: я ведаю, што сваімі дзеяннямі вы спрабуеце запалохаць і дыскрэдытаваць мяне. Але вы толькі даяце прамыя доказы сваіх злачынстваў супраць народа Беларусі», – сказала яна.
Ціханоўская падкрэсліла, што за два гады адбыліся вялікія змены.
«Мы кожны дзень глядзім у вочы страху і стомленасці – і працягваем працаваць дзеля будучыні Беларусі. Тры гады таму я не думала, што некалі мяне будуць пераследваць у завочным судзе. Але я і не думала, што мне выпадзе гонар упершыню за 30 гадоў прадстаўляць нашу краіну і будучыню яе эканомікі на найважнейшым эканамічным форуме ў Давосе», – адзначыла яна.
На яе думку, Беларусь будзе свабоднай, незалежнай, мірнай і паспяховай краінай.
«Тое, як вы, саўдзельнікі гэтых судзілішчаў, баіцеся гэтай будучыні – не прымусіць ні мяне, ні беларусаў спыніцца на шляху да сваёй мары», – склала Ціханоўская.
Сёння, 17 студзеня, Святлана Ціханоўская бярэ ўдзел у дыскусіі «У абарону Еўропы» разам з прэзідэнтамі Польшчы, Літвы, Паўночнай Македоніі і кіраўніком МЗС Іспаніі.