Ціханоўская нагадала сілавікам пра тэрмін „Народнага ўльтыматуму”



Святлана Ціханоўская чарговы раз звярнулася да супрацоўнікаў сілавых структур Беларусі. Яна заклікала іх «перайсці на бок народа» да даты абвешчанага ўльтыматуму, 25 кастрычніка, паабяцаўшы не праводзіць пагалоўную люстрацыю пасля змены ўлады.

«Вы прывыклі выконваць загады. Але павінны разумець, што хутка загады будуць гучаць ад новай, дэмакратычнай улады. Гэта непазбежна. Вы прывыклі слухаць сваё начальства. Але ці варта рабіць гэта, калі яно абараняе не народ Беларусі, а толькі аднаго чалавека? Гэта незаконна», — заявіла Ціханоўская ў сваім тэлеграм-канале.

Яна параіла сілавікам выкарыстоўваць свой шанец — да 25 кастрычніка ўстаць на бок беларусаў і перастаць выконваць злачынныя загады.

«Рэжым ведае, што памірае — і спрабуе падзяліць сваю долю з усімі вамі, запэцкаўшы гонар вашай формы. Не дапусціце гэтага», — гаворыцца ў звароце.

Палітык падкрэсліла, што хоць для сілавікоў характэрная калектыўная салідарнасць, калектыўнай адказнасці пасля змены ўлады за злачынствы сілавікоў супраць грамадзян, збіццё, катаванні, пераследу не будзе — яе павінны панесці персанальна тыя, хто гэтыя дзеянні здзяйсняў.

«Пагалоўнай люстрацыі не будзе. У новай Беларусі патрэбна ваша праца, патрэбна сістэма сілавых ведамстваў. Таму звяжыцеся з намі, з фондамі, зрабіце публічны зварот з падтрымкай свайго народа. Выканайце прысягу, якую кожны з вас даваў беларусам», — заклікала Святлана Ціханоўская.

Яна нагадала, што да тэрміну «Народнага ўльтыматуму» засталося 5 дзён.

novychas.by