Ціханоўская накіравала ў адміністрацыю прэзідэнта ЗША сваю пазіцыю па сітуацыі ў Беларусі



Беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская накіравала ў адміністрацыю прэзідэнта ЗША Джо Байдэна сваю пазіцыю па сітуацыі ў Беларусі.

Як паведаміла прэс-служба Ціханоўскай, у дакуменце яна заявіла пра нелегітымнасць Аляксандра Лукашэнкі і неабходнасць правесці новыя выбары прэзідэнта Беларусі ў 2021 годзе. Яна падкрэсліла, што беларускі пратэст „не геапалітычны”, што Расея „яшчэ можа стаць часткай вырашэння крызісу ў Беларусі”, а незалежнасць і суверэнітэт краіны „не могуць быць прадметам торгу”.

16 чэрвеня прэзідэнты Расеі і ЗША Уладзімір Пуцін і Джо Байдэн сустрэнуцца ў Жэневе. Як паведаміла 26 траўня прэс-сакратар Белага дома Джэн Псакі, на сустрэчы Байдэн мае намер падняць пытанне аб Беларусі і выказаць сур’ёзную заклапочанасць амерыканскага боку.

25 мая, каментуючы скандал вакол пасадкі самалёта Ryanair у Менску, Джо Байдэн заявіў, што Злучаныя Штаты рашучым чынам асуджаюць перанакіраванне рэйса Ryanair і затрыманне журналіста Рамана Пратасевіча. „Гэты абуральны інцыдэнт і відэа, якое Пратасевіч, мяркуючы па ўсім, запісаў пад прымусам (пра тое, што ён не мае праблем са здароўем і дае прызнальныя паказанні.), з’яўляюцца ганебным нападам як на палітычнае іншадумства, так і на свабоду прэсы”.

Паводле яго слоў, ЗША разам з краінамі ўсяго свету заклікаюць да вызвалення Пратасевіча, а таксама сотняў іншых палітвязняў, якія несправядліва ўтрымліваюцца пад вартай рэжымам Лукашэнкі.

„Я далучаюся да шматлікіх заклікаў да міжнароднага расследавання, каб усталяваць усе абставіны справы, — адзначыў прэзідэнт Злучаных Штатаў Амерыкі. — Я вітаю навіну пра тое, што Еўрапейскі Звяз заклікаў да мэтавых эканамічных санкцый і іншых мер, і папрасіў маю каманду распрацаваць адпаведныя варыянты прыцягнення да адказнасці вінаватых у цеснай каардынацыі з ЕЗ, іншымі саюзнікамі і партнёрамі і міжнароднымі арганізацыямі”.

belapan.by