Ціханоўская не збіраецца ствараць палітычную партыю



Беларускі дэмакратычны лідар і экс-кандыдат у прэзідэнты Святлана Ціханоўская не збіраецца ствараць палітычную партыю. Пра гэта яна заявіла падчас вячэрняга анлайн-стрыму 9 красавіка, каментуючы ініцыятывы каманды экс-прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыкі і кіраўніка Народнага антыкрызіснага кіравання Паўла Латушкі па стварэнні новых партый.

„Я партыю рабіць дакладна не збіраюся”, — сказала Ціханоўская.

Разам з тым яна адзначыла, што стварэнне палітычнай партыі — натуральны працэс, аб’яднанне аднадумцаў і мабілізуючая сіла.

„У гэтым няма нічога дрэннага, што ствараюцца партыі. І наша задача — стварыць нармальную палітычную атмасферу, каб гэтыя партыі маглі спакойна развівацца і канкурыраваць паміж сабой, як робіцца ў дэмакратычных краінах”, — падкрэсліла беларускі дэмлідар.

Ціханоўская таксама зноў заявіла, што не плануе ўдзельнічаць у новых выбарах прэзідэнта.

„Такой думкі ў мяне пакуль не ўзнікала. Таму што, па-першае, я абяцала людзям, што яны мне даюць мандат на правядзенне новых сумленных выбараў. Але, атрымаўшы ўвесь гэты досвед, я ўпэўненая, што змагу быць карысная Беларусі, і я буду побач з беларусамі столькі, колькі спатрэбіцца. Каб прыносіць карысць, неабавязкова быць прэзідэнтам”, — сказала палітык.

29 сакавіка аб стварэнні партыі „Разам” заявіў былы банкір і былы прэтэндэнт на прэзідэнцкую пасаду Віктар Бабарыка, які знаходзіцца пад следствам. За пяць дзён заяўкі на ўступленне ў ствараную партыю падалі пяць тысяч чалавек.

Услед за Бабарыкам пра намер стварыць палітычную партыю заявіў былы дыпламат, кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіравання Павел Латушка. „Парламенцка-прэзідэнцкая рэспубліка — лепшы спосаб пазбегнуць паўтарэння дыктатуры ў будучыні, — адзначыў ён. — Ініцыяванне стварэння партыі — гэта таксама інструмент для націску на рэжым у сучаснасці, які дэманструе нашу абсалютную веру ў перамогу”. На думку Латушкі, партыя з’яўляецца „дзейсным інструментам для рэалізацыі мэтаў у дэмакратычным грамадстве”.

Аляксандр Лукашэнка 9 красавіка на нарадзе па пытаннях дзейнасці палітычных партый прапанаваў ліквідаваць партыі, якія фінансуюцца з-за мяжы. Новыя партыі ў Беларусі не рэгіструюцца ўжо больш за 20 гадоў.

belapan.by