Ціханоўская: Неабходна мяняць тактыку, каб не падстаўляць людзей
Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Святлана Ціханоўская лічыць, што неабходна мяняць тактыку акцый пратэсту. Пра гэта яна заявіла ў інтэрв’ю тэлеканалу „Дождь” 10 лістапада.
На пытанне вядучай, ці могуць нядзельныя маршы трансфармавацца ў нешта іншае, яна адказала: „Магчыма, зменіцца карцінка — людзей стане менш, таму што ўжо на подступах да месца збору людзей проста забіраюць, не даюць сабрацца разам”.
„Рэжыму таксама страшна, яны вось такі метад барацьбы выбралі. І нам цяпер неабходна мяняць тактыку для таго, каб людзей проста не падстаўляць. Над гэтым вядзецца вялікая праца”, — заявіла Ціханоўская.
Разам з тым экс-кандыдат у прэзідэнты падкрэсліла, што маршы — гэта толькі частка пратэстнага руху. Паводле яе слоў, апошнія нядзельныя „хапуны” былі найбольш масавымі пасля падзей 9 жніўня, сілавікі вяртаюцца да „ненармальных паводзін”, таму людзям страшна, і колькасць маршаў можа быць меншай.
„Але гераізм беларусаў у тым, што нягледзячы на гэта людзі ўсё роўна выходзяць, — сказала яна. — Жанчыны — ім пад ногі кідаюць святлошумавыя гранаты, а яны ўсё адно ідуць наперад. На хлопца накіроўваюць зброю, а ён раскрывае куртку і кажа: „Страляй!” Гэта значыць АМАП ужо не ўспрымаецца як нейкая відавочная пагроза, ён успрымаецца фонам. Хоць, вядома, страшна, тут я не змяншаю гэтага страху”.
Яна адзначыла, што беларусы — „горды і смелы народ, які не спыняецца”, — зараз выказвае дагэтуль нябачаную салідарнасць. „Людзі, якія з-за нейкіх прычынах выйсці [на акцыі пратэсту] не могуць, адчыняюць дзверы пад’ездаў, хаваюць у сваіх кватэрах людзей. Кожны, хто нейкім чынам можа зрабіць унёсак у пратэстны рух (не кажу пра маршы, дэманстрацыі), робіць усё, што можа”, — падкрэсліла Ціханоўская.
Такім чынам, паводле яе слоў, „карцінка дэманстрацый, магчыма, змяншаецца, але пратэстны рух у Беларусі не слабее”.
Экс-кандыдат у прэзідэнты дадала, што „рэжым робіць усё больш і больш памылак”, і падзеі ў Беларусі знаходзяцца „пад пільнай увагай іншых краін”, таму, на яе думку, „усё павінна скончыцца цывілізавана”.
Яна ўпэўненая, што Аляксандр Лукашэнка сыдзе, і „лік ідзе не на гады, а на тыдні, у апошнім выпадку — месяцы”. Паводле яе слоў, Лукашэнка — „палітычны банкрут”, які ў вачах беларусаў „ужо даўно нелегітымны, яго абсалютна не паважаюць”.
„У еўрапейскіх краінах і за акіянам яго легітымнасць таксама не прызнаная. Ён вымушаны пайсці, ён таксічны. Цяпер пры такім раскладзе ён робіць выгляд, што яго падтрымлівае Расійская Федэрацыя. Але гэта таксама можа быць усяго толькі прыгожая карцінка, мы не ведаем, што там за шырмай”, — адзначыла Ціханоўская.
У межах Маршу народаўладдзя і падчас лакальных вячэрніх пратэстаў у нядзелю, 8 лістапада, у Беларусі было затрымана не менш за 1.023 чалавекі паводле звестак праваабаронцаў (сайт spring96.org) і не менш за 1.250 чалавек згодна са звесткамі валанцёраў (тэлеграм-канал „Спісы затрыманых (Жодзіна+Акрэсціна+Баранавічы)”). Гэта рэкордныя лічбы пасля масавых затрыманняў 9 і 10 жніўня (адпаведна прыблізна 3 тыс. і больш за 2 тыс. чалавек).