Ціханоўская: Ніхто не мае права гандляваць суверэнітэтам Беларусі ці прысвойваць яго
„Важным крокам да незалежнасці Беларусі” назвала Святлана Ціханоўская прыняцце 27 ліпеня 1990 года Вярхоўным саветам БССР Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце.
„Наша краіна атрымала магчымасць жыць самастойна і не азірацца ні на каго. Мы вольныя выбіраць, з кім наладжваць адносіны, да якіх арганізацый далучацца, як будаваць уласную эканоміку. Мы вольныя быць нейтральнай дзяржавай без ядзернай зброі — тое, што было зафіксавана ў дэкларацыі, і тое, чаго нас хочуць пазбавіць”, — сказала беларускі дэмакратычны лідар з нагоды 31-й гадавіны прыняцця дакумента.
„Беларусь стала незалежнай дзяржавай не ў 1994 годзе. Суверэнітэт у Беларусі з’явіўся задоўга да першых прэзідэнцкіх выбараў. І яго дамагліся людзі, для якіх Беларусь, наша культура, наша мова, сцяг, герб і гімн — святыя сімвалы, каштоўнасць якіх вышэйшая за ўсе забароны”, — падкрэсліла Ціханоўская.
„Таму сёння мы адзначаем дзень, які ўжо святкаваўся ў нашай краіне як Дзень незалежнасці, — заявіла яна. — І мы ведаем, што ніхто не мае права гандляваць суверэнітэтам Беларусі ці прысвойваць яго сабе асабіста”.
„Суверэнітэт — заслуга народа Беларусі. А народ ужо зрабіў свой выбар: змагацца за будучыню. Бо жыць у мінулым — гэта не выйсце. І свабода таксама стане нашай агульнай заслугай, якую не зможа сабе прысвоіць ні адзін дыктатар”, — упэўненая дэмакратычны лідар.
З 1997 года афіцыйны Дзень незалежнасці адзначаецца ў Беларусі не 27-га, а 3 ліпеня, у дзень вызвалення Мінска ад гітлераўцаў.