Ціханоўская: Новыя прэзідэнцкія выбары будуць праведзеныя на працягу паўгода



У выпадку сваёй перамогі на прэзідэнцкіх выбарах Святлана Ціханоўская мае намер правесці новыя выбары кіраўніка дзяржавы на працягу паўгода. Пра гэта яна паведаміла падчас звароту да выбаршчыкаў, які выйшаў 20 ліпеня ў эфіры Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё.

Паводле слоў Ціханоўскай, адначасова пройдзе рэферэндум аб вяртанні да Канстытуцыі 1994 года, „якая скарачае паўнамоцтвы прэзідэнта, устанаўлівае абмежаванні па колькасці тэрмінаў знаходжання на пасадзе прэзідэнта і забяспечвае падзел уладаў”.

„Па замове аднаго з канкурэнтаў распачатыя крымінальныя справы, выкінутыя ў сметніцу сотні тысяч сабраных подпісаў. Патрэбны новыя, сумленныя і свабодныя, выбары з празрыстым падлікам галасоў”, — заявіла кандыдат у прэзідэнты.

„Пасля ўступлення на пасаду прэзідэнта я прыму меры для захавання стабільнасці ў краіне і стварэння ўмоў для правядзення сумленных выбараў, — сказала Ціханоўская. — Я прызначу шэсць новых незалежных членаў Цэнтральнай выбарчай камісіі, уключаючы старшыню, і выдам указ аб правядзенні новых выбараў прэзідэнта. Сістэма выбарчых камісій будзе сфарміраваная такім чынам, што ў іх будуць уключаны прадстаўнікі ўсіх зацікаўленых палітычных партый, розных грамадскіх арганізацый, а таксама ў абавязковым парадку прадстаўнікі кандыдатаў у прэзідэнты”.

Паводле слоў Ціханоўскай, на кожным участку для галасавання будуць устаноўлены празрыстыя скрыні і камеры, якія будуць весці анлайн-трансляцыю. Кожны бюлетэнь будзе дэманстравацца назіральнікам. Давераныя асобы кандыдатаў „будуць мець права патрабаваць пераліку галасоў за любога кандыдата на любым участку”. Датэрміновае галасаванне будзе дапускацца „толькі ў выключных выпадках для тых, хто не можа галасаваць у дзень выбараў па ўважлівай прычыне”. Усім кандыдатам будуць дадзеныя роўныя магчымасці для агітацыі, „без злоўжывання службовым становішчам”.

„Пасля маёй перамогі на выбарах на працягу пераходнага перыяду краінай будуць кіраваць тыя ж чыноўнікі, што і цяпер, за выключэннем тых, хто груба і адкрыта парушаў закон. Тых, хто пойдзе ў адстаўку, заменяць прафесіяналы з ліку дзяржаўных служачых”, — заявіла Ціханоўская.

Акрамя таго, паводле яе слоў, для забеспячэння наглядных функцый на пераходны перыяд будуць прызначаныя новыя генеральны пракурор і старшыня Вярхоўнага суда.

19 ліпеня ў Менску ў парку Дружбы Народаў прайшоў перадвыбарны мітынг Святланы Ціханоўскай. Паводле звестак назіральнікаў, ён сабраў каля сямі з паловай тысяч чалавек.

belapan.by