Ціханоўская падтрымала план “Перамога” і завітала ў Варшаву



Лідарка дэмакратычнай Беларусі Святлана Ціханоўская патрымала план «Перамога». Яго напярэдадні прадставіла ініцыятыва былых сілавікоў BYPOL.

Мэта плану – стварыць падпольнае народнае апалчэнне і зрабіць масавыя пратэсты арганізаванымі. Сцэнар дзеянняў распрацаваны для кожнага беларуса, які зарэгіструецца праз адмысловы чат-бот у Тэлеграме.

–  План “Перамога” клапоціцца пра вашу ананімнасць і бяспеку. Вам не трэба будзе пакідаць сваё  імя ды іншыя адчувальныя дадзеныя. З дапамогай чат-бота запоўніце форму, у якой трэба пазначыць раён, у якім вы працуеце ці жывяце, вашу прафесію, ступень гатовасці да актыўных дзеянняў і рэсурсы, якімі вы валодаеце. Вам не трэба будзе рабіць больш, чым вы гатовыя і можаце зрабіць. І ваш уклад стане часткай інфраструктуры пратэсту, дзе вашы веды і магчымасці будуць выкарыстаны.

Зараз Святлана Ціханоўская знаходзіцца з двухдзённым візітам у Польшчы. Запланаваныя сустрэчы з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам, мэрам Варшавы Рафалам Тшаскоўскім, сенатарамі і парламентарыямі.

Таксама Ціханоўская правядзе сустрэчы з юрыстамі па справах універсальнай юрысдыкцыі, камандай ByPol, Каардынацыйным Саветам і НАУ. Сёння Ціханоўская ўжо сустрэлася з дзецьмі беларусаў у Варшаве. Яна стала патронкай конкурсу дзіцячага малюнку, які праводзіць Цэнтр беларускай салідарнасці.

У пятніцу Ціханоўская накіруецца ва Уроцлаў і прыме ўдзел у цырымоніі ўзнагароджання прэміяй Яна Новака-Езяраньскага. Святлана таксама адкрые выставу «Уроцлаў для Беларусі» і мурала, прысвечанага барацьбе беларусаў за свабоду.

Беларускае Радыё Рацыя